BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вайна паміж Ізраілем і “Хезбалой” разгараецца мацней

фота ілюстрацыйнае, © commons.wikimedia.org / Tasnim News Agency

Ізраільская армія (ЦАХАЛ) паведаміла, што наносіць удары па аб’ектах руху “Хезбала” ў Ліване. Ваенныя сцвярджаюць, што “Хезбала” рыхтавалася да запуску ракет па тэрыторыі Ізраіля, і ўдары фактычна былі прэвентыўнымі.

«У рамках самаабароны для ліквідацыі гэтых пагроз ЦАХАЛ наносіць удары па тэрарыстычных мэтах у Ліване, адкуль „Хезбала“ планавала здзяйсняць напады на ізраільскае грамадзянскае насельніцтва», – заявіў прэс-сакратар войска Ізраіля Даніэль Хагары.

Пасля таго, як вайскоўцы пачалі наносіць удары па Ліване, міністр абароны Ізраілю Ёаў Галант аб’явіў у краіне рэжым надзвычайнага становішча на наступныя 48 гадзін. Міжнародны аэрапорт Тэль-Авіва перастаў прымаць і адпраўляць рэйсы.

Пазней прэс-сакратар ЦАХАЛ паведаміў, што «дзясяткі самалётаў ВПС зараз наносяць удары па цэлях у розных лакацыях у Паўднёвым Ліване».

Было склікана тэрміновае экстранае паседжанне кабінета бяспекі Ізраілю.

Неўзабаве пасля заявы ЦАХАЛ “Хезбала” паведаміла, што пачала буйнамаштабную атаку на Ізраіль з дапамогай дронаў і ракет.

У заяве ў тэлеграм-канале руху сказана, што “Хезбала” такім чынам дае “пачатковы адказ” на нядаўняе забойства ў Бейруце камандзіра свайго ваеннага крыла Фуада Шукра.

Па дадзеных ЦАХАЛ, у бок Ізраіля з Лівана было запушчана больш за 150 дронаў і ракет. «Хезбала» ж заявіла пра запуск 320 ракет па 11 вайсковых цэлях у Ізраілі.