BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вайна ва Украіне: большая частка дапамогі ад ЗША прыйдзе ўлетку

801-ы дзень вайны. У Расеі аб’явілі ў вышук Уладзіміра Зяленскага. Прозвішча ўкраінскага прэзідэнта прысутнічае ў адпаведнай базе МУС, але паводле якога артыкула Крымінальнага кодэкса яго шукаюць, не пазначаецца. Тым часам, на пастаўку зброі, абяцанай Злучанымі Штатамі, Вялікабрытаніяй і Нямеччынай, могуць сысці месяцы, перш чым яна паступіць у колькасці, дастатковай для ўмацавання абараназдольнасці Украіны на полі бою. Пра гэта піша The New York Times. 

Такія абставіны ставяць пад сумнеў здольнасць Украіны стрымліваць расейскія атакі, праз якія Кіеў ужо некалькі месяцаў знаходзіцца ў нявыгадным становішчы. Са слоў высокапастаўленага амерыканскага чыноўніка, Расея працягне дамагацца нязначных поспехаў на ўсходзе і паўднёвым усходзе Украіны напярэдадні 9 траўня. Аднак украінскія вайскоўцы не пацерпяць поўнага краху на лініі фронту, нягледзячы на востры недахоп боепрыпасаў. 

Тым не менш, аналітыкі ва ўрадзе ЗША і за яго межамі кажуць, што, імаверна, у лепшым выпадку наступіць лета, а ў горшым — канец года, перш чым Украіна зможа стабілізаваць свае пазіцыі на лініі фронту дзякуючы новаму ўліванню дапамогі. 

Чакаецца, што новая сістэма Patriot паступіць ва Украіну не раней за канец чэрвеня. Яе пастаўка можа супасці з пастаўкай іншай буйной сістэмы ўзбраення, у якой Украіна даўно мае патрэбу: знішчальнікаў F-16.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: twitter.com/oleksiireznikov