695-ы дзень вайны. ЕЗ разглядае новы пакет санкцый супраць Расеі і плануе зацвердзіць яго да 24 лютага – другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Як інфармуе агенцыя Bloomberg, сярод патэнцыйных мераў могуць быць новыя гандлёвыя абмежаванні і барацьба з пастаяннымі спробамі Масквы абысці санкцыі праз трэція краіны і кампаніі ўнутры Еўразвязу.

Напад Расеі на краіну НАТА магчымы праз пяць-восем гадоў. Пра гэта заявіў міністр абароны Нямеччыны Барыс Пісторыус у інтэрв’ю газеце Tagesspiegel. Цытата: «Мы чуем пагрозы з Крамля амаль кожны дзень — апошнім часам зноў у адрас нашых сяброў у краінах Балтыі. Таму мы павінны ўлічваць, што Уладзімір Пуцін можа аднойчы нават напасці на адну з краін НАТА… Нашы эксперты мяркуюць, што гэта было б магчыма ў часавым прамежку ад пяці да васьмі гадоў».
Пісторыус заклікаў прыняць меры засцярогі загадзя, у прыватнасці ўзмацніўшы абаронную прамысловасць. Акрамя таго, ён ужо вылучаў ідэю аб увядзенні абавязковай вайсковай службы, адпаведную прапанову ён чакае ад свайго міністэрства да красавіка. Міністр заявіў, што гатовы адкрыць доступ ва ўзброеныя сілы для салдат без нямецкага пашпарта.
«Мы не будзем першымі ўзброенымі сіламі ў Еўропе, якія зробяць гэта», — сказаў Пісторыус. У краіне ёсць людзі, якія ў другім ці трэцім пакаленні жывуць у Нямеччыне, але пакуль не маюць нямецкага грамадзянства.
Беларускае Радыё Рацыя