1224- ы дзень вайны. Мінулай ноччу ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях адбылася маштабная атака беспілотнікаў. Паводле інфармацыі УНІАН, ударам дронаў падвергліся Саратаў, Энгельс, Растоў, Таганрог, Навашахцінск і раёны Растоўскай вобласці Расеі. Праца аэрапортаў Саратава, Ульянаўску і Казані была прыпыненая.
УСУ нанеслі ракетны ўдар па акупаваным расейцамі Данецку. Па папярэдняй інфармацыі, удар нанеслі па штабе 8-й агульнавайсковай арміі УС Расеі. Таксама паведамляецца, што ўдары былі нанесеныя па чыгуначным вакзале і вытворчых цэхах металургічнага завода.
Тым часам спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Кіт Келаг заявіў, што менавіта Расея, а не ЗША ці Украіна, тармозіць мірныя перамовы, якія тычацца заканчэння поўнамаштабнай вайны, распачатай Масквой. Гэтак ён адрэагаваў на словы прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова, які раней сказаў, што далейшы лёс перамоў залежыць ад пазіцыі Кіева і Вашынгтона. Келаг назваў такія заявы «перакручваннем фактаў у стылі Оруэла» і падкрэсліў, што абвінавачванні Расеі супраць Украіны і ЗША беспадстаўныя.
Паводле слоў Келага, прэзідэнт ЗША паслядоўна выступае за спыненне вайны і заклікае да неадкладнага перамір’я і пачатку трохбаковых перамоў. Ён адзначыў, што Расея не павінна адначасова казаць пра мір і працягваць бамбаваць цывільныя аб’екты ва Украіне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: калаж УНІАН






