Паводле падлікаў, у студзені вайна Расеі супраць Украіны па працягласці ўжо перавысіла 1418 дзён — часовы прамежак так званай «Вялікай Айчыннай вайны» 1941–1945 гадоў. Гэтая мяжа мае не толькі гістарычнае, але і моцнае сімвалічнае значэнне.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук лічыць, што гэты рубеж можа істотна паўплываць на ўспрыманне вайны ў Расеі і нават Беларусі:
– Мы ведаем, што міфалогія ў постсавецкіх краін, асабліва Расеі, Беларусі, шмат у чым будуецца на міфе пра Другую сусветную вайну, якую называюць Вялікай Айчыннай, то гэтыя параўнанні не на карысць рэжыму Пуціна і рэжыму Лукашэнкі. Лозунгі, што «можам паўтарыць», «закончыць вайну ў Берліне», «узяць Кіеў за тры дня» аказаліся пустымі словамі.
Свой прагноз адносна магчымых тэрмінаў заканчэння вайны на 2026 год дае народны дэпутат Украіны Алег Дунда:
– Бліжэйшым часам чакаць заканчэнне вайны – гэта занадта аптымістычна. Масква яшчэ здольная весці поўнамаштабныя дзеянні як мінімум два гады, калі не больш. У іх ёсць на гэта рэсурсы. Зноў жа пры правільным падыходзе ўжывання адпаведных інструментаў, у прынцыпе, тэарэтычна, гэтую вайну можна завершыць у 2026 годзе.
Аналітыкі заходніх СМІ адзначаюць, што пераход праз рубеж у 1418 дзён — не проста лічба: у Расеі гэтая дата глыбока ўваходзіць у калектыўную памяць як сімвал перамогі і вялікіх ахвяр. Паводле польскага Polityka, калі вайна працягнецца далей, гэта можа выклікаць «цяжкія пытанні» не толькі ў грамадзян, але і сярод расейскіх чыноўнікаў, бо Пуцін не здолеў дасягнуць сваіх мэт за той самы час, калі Савецкі Саюз перамог нацысцкую Германію.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






