878-ы дзень вайны. Расейская армія мінулай ноччу атакавала Харкаўскую, Палтаўскую, Сумскую, Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласці Украіны. Гэта вынікае з паведамлення Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны. Для атак Расея выкарыстала тры балістычныя ракеты «Іскандэр-М», адну крылатую ракету «Іскандэр-К» і 17 дронаў.

Украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што сіламі СПА ўдалося збіць 13 беспілотнікаў. Пад ракетны ўдар трапіў горад Барвенкава ў Харкаўскай вобласці. Загінулі два чалавекі, яшчэ трое параненыя. Пашкоджаныя 50 дамоў, адміністрацыйныя будынкі, гаспадарчыя збудаванні і машыны. Акрамя гэтага, у Харкаўскай вобласці пад атаку патрапіла чыгунка, пацярпелі чатыры чалавекі, будынкі і рухомы склад.
Таксама з прычыны атакі пацярпела кантактная сетка на выездзе з Харкава, праз гэта затрымаліся цягнікі. У «Укрэнерга» паведамілі, што ўначы дроны атакавалі энергетычныя абʼекты ў Палтаўскай, Сумскай і Чарнігаўскай абласцях.
У выніку на трох падстанцыях узніклі пажары, іх ужо ліквідавалі. У Палтаўскай вобласці пасля начнога абстрэлу без электразабеспячэння засталіся 16 населеных пунктаў, гэта каля 4 тысяч чалавек.
У Сумскай вобласці расейскія дроны атакавалі энергаабʼект у Канатопшчыне. Адзін з дронаў збілі з дапамогай СПА. У Саламянскім раёне Кіева ў выніку атакі зафіксавалі падзенне «фрагментаў дрона». Пацярпелых і разбурэнняў няма, паведамілі ў мясцовай адміністрацыі.
Беларускае Радыё Рацыя






