BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вайна ва Украіне: Расея губляе крымскі хаб у Чорным моры

У інтэрвʼю Reuters галоўнакамандуючы ВМС Украіны віцэ-адмірал Аляксей Неіжпапа адзначыў, што Чарнаморскі флот Расеі быў вымушаны перабазаваць амаль усе свае баяздольныя ваенныя караблі з акупаванага Крыма ў іншыя месцы. Па яго словах, удары ўкраінскіх ракет і беспілотнікаў нанеслі сурʼёзны ўрон базе ў Севастопалі, якая зʼяўляецца лагістычным цэнтрам для рамонту, абслугоўвання, навучання і захоўвання боепрыпасаў, а таксама выконвае іншыя важныя для Расеі функцыі.

Цытата са словаў віцэ-адмірала: «Гэта стваралася на працягу многіх дзесяцігоддзяў, магчыма, стагоддзяў. І відавочна, што цяпер яны губляюць гэты хаб… Практычна ўсе асноўныя баяздольныя караблі выведзены праціўнікам з галоўнай базы Чарнаморскага флоту і знаходзяцца ў Новарасійску, а частка з іх – у Азоўскім моры».

Севастопаль служыў месцам захоўвання і пагрузкі крылатых ракет, якія выкарыстоўваліся ваеннымі караблямі для нанясення ўдараў па Украіне. Цяпер гэтую задачу спрабуюць вырашаць у Новарасійску. Аднак расейская ваенна-марская база ў гэтым горадзе не валодае такімі шырокімі магчымасцямі, як Севастопаль. Украіна ліквідавала ці пашкодзіла 27 ваенна-марскіх судоў. Па стане на 27 чэрвеня ў Азоўскім моры знаходзілася 10 расейскіх ваенных караблёў, тады як у 2023 годзе – ніводнага. Цяпер Расея выкарыстоўвае свой Чарнаморскі флот у асноўным для лагістыкі, частковага кантролю прыбярэжных тэрыторый і для абстрэлу Украіны крылатымі ракетамі «Калібр».

Галоўнакамандуючы ВМС Украіны адзначыў, што стымулам для таго, каб кінуць выклік «поўнаму дамінаванню» Расеі ў небе над Чорным морам, стане пастаўка Украіне ў хуткім часе знішчальнікаў F-16. Яны з адпаведным узбраеннем змогуць адцясніць расейскія вайсковыя самалёты. Паўночна-заходняя частка Чорнага мора, асабліва калідор для грамадзянскіх судоў, будзе амаль на 100% бяспечнай. Пакуль жа Украіна здзяйсняе марскія зносіны толькі з трох партоў Адэсы.