1118-ы дзень вайны. Расейскія войскі ўдарылі па Сумскай вобласці Украіны ракетай і дронамі.

Загінуў адзін цывільны і яшчэ адзін атрымаў раненні. Як паведамілі ў абласной адміністрацыі, мінулай ноччу расейскія войскі ажыццявілі 114 абстрэлаў памежных з Расеяй населеных пунктаў. На тэрыторыі рэгіёну зафіксавалі 157 выбухаў, пацярпелі 13 грамад, у адной з іх дрон пацэліў у шматкватэрны будынак. Апроч беспілотнікаў, расейскія войскі выкарыстоўвалі для абстрэлу мінамёты і артылерыю.
Таксама цягам ночы расейскія падраздзелы спрабавалі прарваць мяжу. У Херсонскай вобласці пад расейскім агнём апынуліся 32 населеныя пункты – адзін чалавек загінуў, тры атрымалі раненні. «Расейскія вайскоўцы білі па жылых кварталах населеных пунктаў вобласці, у прыватнасці пашкодзілі адзін шматпавярховы і пяць прыватных будынкаў», — адзначаецца ў паведамленні ўладаў. У Запарожскай вобласці расейскія войскі нанеслі 415 удараў па 9 населеных пунктах рэгіёну: пашкоджанні атрымалі тры інфраструктурныя аб’екты і аўтамабілі. Паводле абласных уладаў, ахвяр і пацярпелых няма.
Пад сталымі абстрэламі знаходзіцца Ачакаўская грамада ў Мікалаеўскай вобласці. Дроны знішчалі і над Кіеўскай вобласцю— у выніку выбуховай хвалі ў адным шматпавярховіку Белацаркоўскага раёну павыбівала шыбы, у іншым раёне — загарэлася сухая трава. У Днепрапятроўскай вобласці ў выніку ракетнага абстрэлу і ўдараў дронамі пацярпела інфраструктура. У трох раёнах ёсць перабоі з электраэнергіяй. Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма. У Адэскім раёне ў выніку абстрэламі дронамі пашкодзілі дзіцячую навучальную ўстанову, прыватны жылы будынак, краму і легкавы аўтамабіль, раненні атрымаў адзін чалавек. Праз пацэльванне па інфраструктуры ў прыгарадзе Адэсы каля 500 абанентаў без электраэнергіі. У Харкаўскай вобласці ў выніку расейскіх абстрэлаў параненыя пяць чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
Здымак ілюстрацыйны






