BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вайна ва Украіне: расейцы атакавалі дронамі Кіеўшчыну

1262-і дзень вайны. Расейскія акупанты атакавалі дронамі Кіеўскую вобласць. Пад ударам быў Бучанскі раён, успыхнулі пажары, ёсць пашкоджаныя дамы. Па дадзеных Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі, у выніку варожай атакі траўмаваныя тры жанчыны.

Вайна ў Кіеве.
Здымак ілюстрацыйны

Між тым, амерыканскі тэлеканал CNN вызначыў 5 магчымых сцэнароў завяршэння вайны ва Украіне пасля верагоднай сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Паводле першага, малаверагоднага сцэнара, Пуцін пагаджаецца на безумоўнае спыненне агню. Паводле другога, больш рэалістычнага, як лічыць CNN, будзе дасягнутая дамоўленасць аб працягу дыялогу, што можа «замарозіць» фронт з прыходам зімы.

Трэці сцэнар прадугледжвае, што Украіна вытрымлівае два наступныя гады, а вайсковая дапамога ЗША і ЕЗ дазволіць Кіеву захаваць наяўныя межы, прымусіўшы Маскву зноў звярнуцца да перамоваў. У выпадку поспеху на фронце Еўропа можа адправіць «сілы стрымлівання» — кантынгент НАТА паблізу Кіева і буйных гарадоў, які будзе дапамагаць з лагістыкай і разведкай. Чацвёрты сцэнар апісвае катастрофу для Украіны і НАТА.

На думку аналітыкаў, у выпадку правалу падтрымкі з боку ЗША, пасля ўмоўнай «разрадкі» паміж Трампам і Пуціным, Расея можа разграміць украінскія пазіцыі на ўсходзе і рушыць углыб краіны. Еўропа паспрабуе ўтрымаць сітуацыю, аднак без амерыканскага ўдзелу можа не справіцца. Прэзідэнт Украіны паспрабуе ўзмацніць мабілізацыю, але гэта абарочваецца ўнутрыпалітычнай катастрофай.

Пяты сцэнар умоўна называецца афганскім: калі Расея загразне ў вайне, як калісьці ў Афганістане, то рост стратаў, ціск санкцый, разлад у адносінах з Кітаем і Індыяй, а таксама ўнутраная незадаволенасць элітаў могуць прывесці да дэстабілізацыі самога Крамля. Пры гэтым CNN лічыць, што «ні адзін з варыянтаў не з’яўляецца добрым для Украіны», акрамя апошняга. І ніводзін з іх не можа рэалізавацца толькі воляй Пуціна і Трампа — без прамога прыцягнення Украіны да пагаднення.

 Беларускае Радыё Рацыя