664-ы дзень вайны. Што будзе, калі Пуцін пераможа? – артыкул з такім загалоўкам апублікавала агенцыя Bloomberg і прывяла такія адказы: У выпадку адсутнасці ваеннай падтрымкі Украіны, РФ паспрабуе захапіць новыя тэрыторый і разбурыць больш інфраструктуры.
Тупіковая сітуацыя на фронце можа прывесці да шматгадовай вайны, і Кіеў будзе вымушаны прыняць умовы спынення агню, прапанаваныя Масквой. Украінскі супраціў, пазбаўлены эфектыўнай абароны, можа перайсці да партызанскай тактыкі, прывёўшы да нестабільнасці на ўсходняй мяжы краіны з ЭЗ.
Пуціну спатрэбіцца ад года да некалькіх гадоў пасля завяршэння вайны ва Украіне, перш чым ён атакуе балтыйскія краіны. Перамога Расеі выкліча масавы наплыў бежанцаў у Еўразвяз, узмацняючы напружанасць паміж яго чальцамі. Наступствы перамогі Расеі будуць адчувацца па ўсім свеце, бо саюзнікі ЗША пачнуць сумнявацца ў надзейнасці Вашынгтона. Некаторыя еўрапейскія краіны паспрабуюць умацаваць сувязі з Масквой ці Пекінам, каб не занадта шукаць падтрымкі ў ненадзейных ЗША. Наступствы такой “стратэгічнай няўдачы” будуць “глыбей”, чым пасля вываду амерыканскіх войскаў з Афганістана ў 2021 годзе, рэзюмуе Блумберг.
Беларускае Радыё Рацыя