982-і дзень вайны. У Паветраных сілах Украіны паведамілі аб 31 збітым беспілотніку і ракеце Х-59/69 за мінулую ноч. Усяго расейцы запусцілі 48 беспілотнікаў і 3 ракеты такога тыпу. Акрамя збітых, яшчэ 14 дронаў былі лакацыйна страчаныя, а 3 паляцелі ў напрамку Беларусі. Яшчэ 2 ракеты таксама не дасягнулі мэтаў.
У Адэскай вобласці Украіны ў выніку расейскага абстрэлу паранены двое ратавальнікаў. Пад ударам аказалася пажарная частка. Што тычыцца дронаў у беларускім кірунку, то маніторгынгавая група “Беларускі Гаюн” уначы паведамляла, што група беспілотнікаў рухаецца курсам на Хойнікі-Мазыр. З аэрадрома «Баранавічы» быў узняты дзяжурны знішчальнік ВПС Беларусі, самалёт трымаў курс на паўднёвы ўсход.
Тым часам, ЗША заявілі, што маюць інфармацыю пра тое, што каля 8 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў цяпер знаходзяцца ў Курскай вобласці Расеі непадалёк ад мяжы з Украінай, і Расея «цалкам мае намер» задзейнічаць іх у баявых дзеяннях супраць украінскіх войскаў.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на брыфінгу ў Дзярждэпартаменце заявіў, што Злучаныя Штаты чакаюць адпраўкі вайскоўцаў КНДР на фронт у бліжэйшыя дні.
Беларускае Радыё Рацыя






