
фота AFP/John MACDOUGALL
Вайна ва Украіне. Заходнія краіны на афіцыйным роўні абмяркоўваюць, ці можна дазволіць Украіне наносіць удары амерыканскай і еўрапейскай зброяй па тэрыторыі Расеі. Кіраўнік еўразвязаўскай дыпламатыі Жазэп Барэль пасля пасяджэння Рады Міністэрства абароны Еўразвязу прызнаўся, што толькі «адна-дзве» краіны адкрыта падтрымліваюць гэтае рашэнне, агульнага яднання па гэтым пытанні няма. Паведамляе выданне “ Зеркала” са спасылкай на RTVI.
Парыж ухваляе ўдары Кіева заходняй зброяй па расейскіх вайсковых аб’ектах, але таксама і не падтрымлівае абстрэлы грамадзянскай інфраструктуры. З такім пунктам гледжання выступіў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон 28 траўня на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы з канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам.
На ягоную думку, такое рашэнне не правакуе эскалацыю канфлікту, а толькі дазваляе Украіне лепш абараняць сваю тэрыторыю і адказваць на расейскія ўдары.
Акрамя таго, Макрон адзначыў, што напярэдадні ўкраінскае кіраўніцтва зрабіла “паспешлівую” заяву аб прыбыцці французскіх інструктараў у зону канфлікту для навучання ўкраінскай арміі. Паводле яго слоў, рашэнне Францыі аб адпраўцы сваіх вайскоўцаў ва Украіну будзе агучана пасля сустрэчы з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім на наступным тыдні.
З іншым пунктам гледжання выступілі першыя асобы Італіі. У прыватнасці, прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні заклікала краіны ЭЗ быць вельмі асцярожнымі пасля выказванняў генеральнага сакратара НАТО Енса Столтэнберга. А віцэ-прэм’ер Італіі, адзін з лідараў правай партыі “Ліга Поўначы” Матэа Сальвіні заявіў, што “не можа быць і гаворкі аб зняцці забароны Кіеву наносіць удары па ваенных аб’ектах у Расеі”, тым больш што “Італія ні з кім не ваюе”.






