726-ы дзень вайны. У акупаваным расейцамі ўкраінскім Марыўпалі раздаліся выбухі, папярэдне, упаў самалёт. Галоўнакамандуючы Аляксандр Сырскі паведаміў аб збіцці двух варожых знішчальнікаў, якія наносілі ўдары кіраванымі авіябомбамі. Па ўсёй Украіне па-ранейшмау абвешчана паветраная трывога.

Тым часам, польскія фермеры заблакавалі рух на 6 з 7 аўтамабільных пунктаў пропуску на мяжы Польшчы і Украіны. Легкавыя аўтамабілі і аўтобусы памежнікі афармляюць у звычайным рэжыме. Аднак Украінская служба Радыё Свабода паведаміла, што на некаторых кірунках праблемы з перасячэннем мяжы мае пасажырскі транспарт.
Міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў тэрмінова абмеркаваў гэтую тэму з кіраўніком Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэкам Северам. Кубракоў назваў блакаванне мяжы прамой пагрозай краіне, якая абараняецца ад расейскай агрэсіі.
«Жанчыны і дзеці, якія шукалі прытулак ад вайны і з розных прычын вяртаюцца дадому, не павінны быць закладнікамі бізнэс-інтарэсаў. Падобныя акцыі і прыклады негуманнага стаўлення да ўкраінцаў на мяжы Еўразвязу могуць выкарыстаць расейскія спецслужбы для развязання штучнага канфлікту паміж нашымі краінамі», — заявіў украінскі міністр.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц






