BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вайна ва Украіне: Зяленскі анансаваў мірны план да лістапада

887-ы дзень вайны. Да лістапада гэтага году ўкраінскае кіраўніцтва распрацуе мірны план, якому будзе папярэднічаць серыя перамоваў з рознымі краінамі аб тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв’ю японскай тэлевізіі NHK распавёў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Цярпенне, падтрымка і дыпламатычны ціск – тры фактары для справядлівага спынення вайны (з Расеяй)», – заявіў прэзідэнт. – «Калі ЗША і еўрапейскія краіны захаваюць адзінства, гэта будзе (праявай) дадатковага ціску. Гэта пакажа Маскве, што ў яе няма шанцаў», – дадаў Зяленскі.

Пры гэтым кіраўнік украінскай дзяржавы падкрэсліў, што не можа станоўча рэагаваць на заклікі да спынення агню, пакуль Расея ўсё яшчэ акупуе частку ўкраінскай тэрыторыі. Ён паведаміў, што Кіеў пачынае дэталёвыя перамовы з трэцімі краінамі, у прыватнасці, па наступных пытаннях: тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны з мэтай распрацоўкі плана дзеянняў па ўсталяванні міру. 

Тым часам, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выкарыстаў святкаванне Дня Ваенна-марскога флоту, каб паспрабаваць сфармаваць антызаходнюю кааліцыю з шэрагу азіяцкіх і блізкаўсходніх краін, адзначае амерыканскі ISW. На парадзе ў Санкт-Пецярбургу прынялі ўдзел караблі ВМС Кітая, Алжыра і Індыі. Пры гэтым прысутных прадстаўнікоў краін было болей за 30.

Беларускае Радыё Рацыя