Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на пасяджэнні амерыканскага ўрада заявіў пра спыненне фінансавання Украіны з боку ЗША і гатовасць увесці высокія гандлёвыя мыты ў разе незаключэння міру не толькі супраць Расеі, але і супраць Украіны.
Цытата: «Я магу дасягнуць гэтага, увёўшы санкцыі, або выкарыстаўшы вельмі жорсткую тарыфную сістэму, якая стане вельмі дарагой для Расеі, Украіны ці любога іншага, з кім мы маем справу». Па словах Трампа, фінансавыя абавязкі па падтрымцы Украіны цяпер цалкам перайшлі да НАТА.
Разам з тым Трамп паведаміў пра намер Вашынгтона павялічыць аб’ёмы паставак узбраенняў краінам — удзельніцам НАТА, якія цяпер даюць Украіне падтрымку. Ён падкрэсліў, што гатовы да эканамічнай вайны з Расеяй, але не спяшаецца ўводзіць санкцыі, бо яны будуць мець для яе кепскія наступствы, чаго Трамп не хоча. Спецпрадстаўнік Белага дома Стыў Уіткаф на гэтым пасяджэнні сказаў, што ЗША спадзяюцца ўрэгуляваць вайну ва Украіне да 31 снежня 2025 года.
***

Стыў Уіткоф, фота: Chip Somodevilla / Getty Images
Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткоф заявіў, што на бягучым тыдні сустрэнецца з прадстаўнікамі Украіны ў Нью-Ёрку, «і гэта важны сігнал». Уіткоф сказаў, што прэзідэнт Расеі Уладзімер Пуцін нібыта гатовы да міру. Таксама спэцпрадстаўнік назваў Дональда Трампа «найлепшым кандыдатам на Нобелеўскую прэмію міру за ўсю гісторыю». Тым часам, замінаваныя тэрыторыі ва Украіне ўжо перавысілі плошчу Англіі. Паводле падлікаў Інстытута міжнародных палітычных даследаванняў, да чэрвеня плошча тэрыторый ва Украіне, пакрытых мінамі і іншымі выбухованебяспечнымі прадметамі, дасягнула 139 тыс. км². У небяспечных раёнах і побач з імі жыве больш за 6 мільёнаў чалавек. Асабліва пацярпелі сельскагаспадарчыя землі ў Харкаўскай, Сумскай і Запарожскай абласцях.
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ад выбухаў мін ва Украіне загінулі 359 мірных жыхароў, у тым ліку 18 дзяцей, яшчэ амаль тысяча была паранена.
***
Уладзімір Пуцін баіцца сустракацца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім для абмеркавання ўмоў прыпынення вайны. Гэтак лічыць прэм’ер Канады Марк Карні. «Пуцін пастаянна вылучае ўмовы і затрымлівае, бо баіцца гэтай сустрэчы», — сказаў прэм’ер. Паводле яго слоў, Зяленскі гатовы сустрэцца з Пуціным «на любой нэўтральнай тэрыторыі».
Карні дадаў, што саюзнікам важна працягваць аказваць дапамогу Украіне, пакуль гэтая сустрэча не адбудзецца. Між тым, сілы спецыяльных аперацый Узброеных сіл Украіны пацвердзілі ўдар па лагістыцы расейскіх войскаў у анексаваным Расеяй Крыме. У выніку выведзеныя з ладу аб’екты лагістыкі, якія забяспечваюць функцыянаванне і баявыя пастаўкі вайсковых частак арміі Расеі. Крымскія Telegram-каналы раней паведамлялі пра выбухі ў Джанкоі і Краснагвардзейскім раёне. Ад удару магла пацярпець нафтабаза каля чыгуначнай станцыі.
Беларускае Радыё Рацыя






