
У нашым эфіры пабываў палітычны аналітык і публіцыст Валер Карбалевіч.
Калі аналізаваць падзеі тыдня, то хіба ўсё ж меў рэзананс чарговы раптоўны візіт у Маскву Лукашэнкі 12-га красавіка. Візіт здаецца ўжо такі рэгулярны, але вельмі часта пра іх няма чаго сказаць, пра што там насамрэч гаварылі Пуцін з Лукашэнкам. Але гэтым разам нейкія заявы Лукашэнкі разышліся па масмедыя і напэўна можна скласці карціну, што за імі стаяла. Якая карціна склалася ў вас? Ці можам мы канстатаваць, што падчас візіту на Лукашэнку націснулі?
– Лукашэнка спатрэбіўся Пуціну, каб з яго дапамогай было заяўлена пра новую крамлёўскую ініцыятыву, ініцыятыву на адрас Украіны.
РР: Вяртанне да стамбульскіх дамоленасцяў маеце на ўвазе?
– Так, так. спава ў тым, што ў чэрвені ў Швейцарыі пройдзе канферэнцыя па мірнаму ўрэгуляванню вайны ва Украіне. Мяркуецца, што там будзе прадстаўлена ад 80 да 100 краін. Фактычна гэта форум у падтрымку Украіны, гэта фактычна спроба сфармаваць праўкраінскую і антырасейскую кааліцыю з прыцягненнем краін глабальнага поўдня. Там будзе прапанавана ці падтрымана формула міру прэзідэнта Зяленскага.
Маскве гэта ідэя не падабаецца, яна для яе дыскамфортная і гэта стала б такой дыпламатычнай паразай Крамля. Таму Крэмль імкнецца гэту канферэнцыю калі не сарваць, то ва ўсякім разе мінімізаваць яе эфект. Вось быў прыдуманы такі контрход, які фактычна агучыў Лукашэнка, дзеля гэтага ён быў запрошаны ў Маскву. То бок Лукашэнка прапанаваў усім праціўнікам вярнуцца да стамбульскіх пагадненняў. Ну і Пуцін нібыта пагадзіўся, кіўнуў галавой ва ўсякім разе. У чым сэнс стамбульскіх пагадненняў, якія нібыта былі парафіраваныя бакамі ў першыя тыдні вайны.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя






