BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валер Кавалеўскі: Для беларусаў важна, каб НАТА разглядала магчымыя далейшыя дзеянні Расеі ў рэгіёне

Пакуль Еўропа робіць юрыдычныя крокі супраць агрэсараў — Страсбург ужо ўзгадняе Трыбунал, што можа закрануць не толькі Пуціна, але і Лукашэнку — Беларусь лавіруе: з аднаго боку, застаецца ў расейскай арбіце, з другога — пасылае сігналы гатоўнасці да дыялогу з Захадам. Пасля гучнага вызвалення 14 палітвязняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, і на фоне новага міжнароднага імпульсу з боку Кіева, Менск, відаць, спрабуе зноў намацаць заходні вектар.

Ці зойме Беларусь месца ў будучай архітэктуры еўрапейскай бяспекі? І што павінна хваляваць беларусаў у святле падрыхтоўкі НАТА да далейшых дзеянняў Расеі?

Пра гэта — у гутарцы з «Госцем Рацыі» — кіраўніком Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерам Кавалеўскім.

РР: Якія асноўныя вашыя чаканні ад саміту НАТА адносна падтрымкі Украіны, можа пытанне Беларусі нейкім чынам прагучыць на гэтай важнай сустрэчы?

Валер Кавалеўскі: НАТА з’яўляецца асноўным фактарам міру і стабільнасці ў Еўропе. Сам па сабе саміт вельмі важны дзеля таго, каб ацаніць тое, што адбываецца, прыняць рашэнне па падвышэнні абароназдольнасці краін альянсу. У гэтым сэнсе адно з галоўных рашэнняў – гэта падвышэнне абарончых бюджэтаў да 5 працэнтаў ВУП. Гэты бюджэт будзе складацца з двух частак: 3,5% – на пытанні абароны і 1,5% – для таго, каб умацоўваць інфраструктуру, якая спрыяе абароназдольнасці гэтых краін.

Наколькі мне вядома, пытанне Украіны не плануецца закранаць дзеля таго, каб захаваць тыя палітычныя пазіцыі, якія былі ўзгоднены на самітах НАТА ў папярэднія гады – у Вільнюсе і Вашынгтоне. Разумеючы, што ў дзеяннях Трампа зараз ёсць пэўная непрадказальнасць, таму было прынятае такое папярэдняе рашэнне – тэму Украіны не закранаць, захаваць тыя пазіцыі, якія былі. Украіна мае свой шлях да далучэння да альянсу.

І, канешне, для беларусаў важна тое, як альянс будзе рыхтавацца да магчымых іншых дзеянняў Расеі ў рэгіёне. Тое, што Расея робіць супраць Украіны, гэта наўпрост закранае інтарэсы краін НАТА, таму для нас будзе важна зразумець, наколькі гатовы альянс да абароны сваіх інтарэсаў не толькі ў сваіх межах, але таксама ў прылеглых тэрыторыях – як Украіна ці Беларусь, іншых краінах, дзе Расея можа дзейнічаць агрэсіўна, але гэта наўпрост закранае інтарэсы альянсу.

РР: Тое, што Беларусь прадстаўляе Святлана Ціханоўская на гэтай сустрэчы, што гэта прынясе? Ці можа пытанне Беларусі ўсё ж такі паўстаць у тым ці іншым ракурсе?

Валер Кавалеўскі: Святлана Ціханоўская ўдзельнічае ў публічным форуме. Гэта такі дадатак да самога саміту. Яна не ўдзельнічае ў саміце. Там удзельнічаюць толькі чальцы краін НАТА. Але тое, што яна там знаходзіцца, гэта, канешне, каштоўная магчымасць дзеля таго, каб звярнуць увагу на Беларусь, на фактар Беларусі ў бяспецы рэгіёна, прапанаваць нейкія ідэі. Але зноў жа, гэта праца, якая вядзецца найперш паміж самітамі. На такіх сустрэчах высокага ўзроўню ўжо прымаюцца рашэнні, якія былі ўзгодненыя, выпрацаваныя дагэтуль. Пакуль я не ведаю пра такія рашэнні, якія Офісам Святланы Ціханоўскай ці кабінетам прапрацоўваліся і выносіліся на абмеркаванне чальцоў краін НАТА.

РР: Ці справядлівае адлічэнне гэтых абарончых выдаткаў да пяці працэнтаў ВУП для краін чальцоў НАТА? Як гэта паўплывае на еўраатлантычную бяспеку? У выніку што можа атрымацца з гэтага для самога блоку НАТА?

Валер Кавалеўскі: Тут спрэс вельмі шмат праблем. Насамрэч абарончая індустрыя вельмі дэсінхранізаваная, дэцэнтралізаваная ў краінах альянсу. І ў гэтым сэнсе тут трэба будзе вельмі шмат зрабіць працы, каб падняць менавіта саму вытворчасць, ваенна-прамысловы комплекс. А ёсць і сумежныя сферы – гэта інфармацыйная бяспека, кібербяспека, інтэрпрэтацыя гібрыдных пагрозаў. Як з імі спраўляцца? Напрыклад, гэтыя інцыдэнты з падводнымі кабелямі, якія пераразаюцца ў Балтыйскім моры расейскімі караблямі.

Але акрамя моманту абарончага, вельмі важны палітычны, я б нават сказаў, псіхалагічны момант для еўраатлантычнай супольнасці. Бо ёсць пытанне наконт таго, наколькі Злучаныя Штаты гатовыя выконваць палажэнне артыкула 5 статута НАТА, пра калектыўную бяспеку. І тут пасеены пэўныя сумневы самімі Злучанымі Штатамі. То бок, тут ставяцца пытанні: ці існуе дагэтуль гэтая еўраатлантычная супольнасць? Ці Злучаныя Штаты насамрэч настолькі трывалы і настолькі надзейны чалец гэтага альянсу, каб казаць пра тое, што альянс адпавядае тым чаканням, якія на яго ўскладаліся пры стварэнні? Але настрой досыць пазітыўны. Трамп пакуль прытрымліваецца класічных палітычных падыходаў. Мы бачым, што лідары альянсу і нацыянальныя кіраўнікі робяць усё для таго, каб утрымаць Трампа ў тым настроі, што трэба захаваць альянс, трэба ўмацаваць яго і не толькі абаронча, але таксама і палітычна.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя