Госць Рацыі – кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнай супрацы Валер Кавалеўскі.

РР: Вы гаворыце пра неабходнасць змянення стратэгіі дэмакратычных сіл адносна вызвалення палітвязняў. У чым Вы бачыце гэтую неабходнасць на дадзеным этапе?
Валер Кавалеўскі: Дзякуй за ўвагу да такой балючай для беларусаў тэмы. Мы бачым, што ўжо прайшло амаль пяць гадоў з моманту пачатку крызісу ў Беларусі – палітычнага і гуманітарнага – а дагэтуль вельмі шмат людзей застаюцца ў турмах. Зараз гэта амаль 1200 чалавек, якія прызнаныя праваабаронцамі палітвязнямі. І бачым з той інфармацыі, якая да нас даходзіць ад былых палітзняволеных, вельмі кепскія ўмовы ствараюцца для палітвязняў, многія губляюць сваё здароўе, ёсць пацверджаныя факты смерцяў у турме, ёсць таксама выпадкі, калі людзі пасля вяртання з турмаў паміраюць. Таму трэба абавязкова ставіць пытанне пра тое, што можна зараз зрабіць дзеля таго, каб вызваляць людзей. Тая стратэгія, якая працавала да гэтага дня, і якая працягвае падтрымлівацца палітычнымі структурамі, што толькі ціск можа прывесці да вызвалення людзей, яна паказвае тое, што яна не спрацоўвае. Яе эфектыўнасць вельмі нізкая ці ўвогуле адсутнічае. Бо рэжым Лукашэнкі не пагаджаецца, што праз санкцыйны ціск ці палітычную, дыпламатычную ізаляцыю ён будзе вызваляць палітвязняў.
РР: Гэты падыход не працуе. А як яго можна памяняць?
Валер Кавалеўскі: Я думаю, што ёсць нейкія тэмы, нейкія інтарэсы ў Лукашэнкі і ў рэжыма, якія даступныя і для міжнароднай супольнасці. Тут можна казаць найперш, напрыклад, пра санкцыйны ціск. Гэтыя санкцыі можна было б разглядаць як вартыя таго, каб дамаўляцца пра вызваленне людзей на іх зняцце. Трэба адзначыць, што тут не вядзецца пра санкцыі, якія ўводзяцца ў сувязі з удзелам Лукашэнкі ў вайне і падтрымкі расейскай агрэсіі. Зараз можна часта пачуць выразныя заклікі, што ўсе палітзняволеныя павінны быць вызваленыя адначасна, усе рэпрэсіі павінны быць спыненыя адразу, толькі пасля гэтага мы зможам перайсці да пытання зняцця санкцый ці іх аслаблення. Гэтыя патрабаванні ультыматыўнага парадку выглядаюць нерэалістычнымі. Рэжым на гэта не пойдзе. Яшчэ адзін пастулат, які можна часта чуць, гэта нельга размаўляць са злачынным рэжымам, трэба звяргаць гэты рэжым і пасля гэтага толькі можна будзе казаць пра вызваленне людзей. Гэта таксама адзін з новых тэзісаў. Ёсць сітуацыі, калі трэба ісці на кампрамісы, дамаўляцца. Гэта маральны абавязак беларускага грамадства дамагацца таго, каб людзі, якія патрапілі за агульныя грамадскія інтарэсы жыць у вольнай дэмакратычнай краіне, былі вызваленыя.
РР: У Беларусі і Расеі знаходзяць шляхі абыходу гэтых санкцый.
Валер Кавалеўскі: Тыя санкцыі, якія былі ўведзены супраць рэжыму Лукашэнкі з 2020 года фактычна не змаглі паўплываць на паводзіны Лукашэнкі. Ён працягвае рэпрэсіі. І мы думаем пра тое, што можна зрабіць, каб змяніць гэты санкцыйны рэжым. Ці можна ўвесці новыя санкцыі, якія сапраўды будуць настолькі балючымі, што паўплываюць на паводзіны Лукашэнкі? І мы разумеем, што на сённяшні дзень гэта немагчыма зрабіць. Заходнія партнёры будуць па-ранейшаму ўводзіць вельмі паступова гэтыя санкцыі, якія пакідаюць вельмі шмат прасторы, часу і магчымасці для таго, каб рэжым мог адаптавацца да гэтых умоў. І ў іх ёсць таксама свае саюзнікі – гэта Расея, Кітай і іншыя краіны, якім няма ніякай справы да таго, што адбываецца на ўнутрыпалітычным полі Беларусі, якія гатовыя гандляваць пры любых умовах.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






