Пашпарт «Новай Беларусі». Гатовы эскіз. Наперадзе важны этап па яго прызнанні. Праблема легалізацыі беларусаў, якія не маюць магчымасці аформіць у Беларусі дакументы – актуальная. Гэтую праблему прадстаўнікі дэмакратычных сілаў агучваюць на розных узроўнях. Як толькі з’явіцца ўзор дакумента – Аб’яднаны пераходны кабінет будзе звяртацца да розных урадаў, каб яго прызнаць на міжнародным узроўні. Тады спатрэбіцца заангажаванне ў працэс большай колькасці людзей, – кажа прадстаўнік АПК па міжнародных справах Валер Кавалеўскі.
– Мы стварылі гэты ўзор дакументаў і цяпер з гэтым узорам можам звяртацца да нацыянальных урадаў. Тут нам будзе патрэбна, канешне, дапамога беларускай супольнасці. Дзе б не знаходзіліся беларусы, па ўсім свеце, мы будзем звяртацца з просьбай уключыцца ў гэты працэс. Агітаваць перад сваімі ўладамі, перад палітыкамі, дыпламатамі, экспертамі з тым, каб яны падштурхоўвалі свае ўлады да прызнання гэтага дакумента.
А зараз вядома, што фарміруецца адмысловы орган, які будзе выдаваць пашпарт. Юрыдычны статус гэтай установы – тлумачыць намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, прадстаўнік па міжнародных справах Валер Кавалеўскі:
– Гэта адмысловая юрыдычная асоба, якая створаная Офісам Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінетам. Яна будзе падпарадкоўвацца менавіта беларускаму боку. І ў цэлым гэта будзе менавіта беларуская структура, якая будзе выконваць задачы ў інтарэсах беларусаў.
Пашпарт «Новай Беларусі» — гэта праект альтэрнатыўнага пашпарта для грамадзян Беларусі, які мог бы засведчыць асобу і дазваляў бы легальна перамяшчацца паміж краінамі. Пытанне легалізацыі беларусаў, якія з-за пераследу апынуліся за мяжой, гучыць на розных сустрэчах. Нядаўна Святлана Ціханоўская яго абмяркоўвала на сустрэчах на Кіпры і таксама з міністрам замежных спраў Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя