BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валер Кавалеўскі: Гэта важны прарыў у адносінах дэмакратычнага Захаду з Беларуссю

Сёння ў Менску адбылася сустрэча спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа генерала Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам. Падчас перамоваў абмяркоўваліся перспектывы міру ва Украіне, а таксама сітуацыя ў Беларусі і ў рэгіёне.

«Гэта – важны прарыў у адносінах дэмакратычнага Захаду з Беларуссю», – напісаў у сваім X/Twitter Валер Кавалеўскі.

Па выніках гэтага візіту кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва спадзяецца на станоўчую дынаміку:

«Мы спадзяёмся на хуткае вызваленне групы палітзняволеных — гэта стане важным крокам для паляпшэння гуманітарнай сітуацыі ў краіне. За рэалізацыю гэтай складанай місіі адказваў намеснік памочніка Дзяржсакратара ЗША Крыс Сміт, які суправаджаў Келага ў Менску»

Новыя падыходы ЗША ў дачыненні да рэжыму – шанец зрушыць з месца крызіс у Беларусі, перакананы Кавалеўскі:

«ЗША вяртаюцца да актыўнай і напорыстай дыпламатыі ў дачыненні да Беларусі — і менавіта гэтага цяпер патрабуе складаная крызісная сітуацыя, у якой Беларусь жыве ўжо амаль пяць гадоў. Гуманітарны аспект і пытанні бяспекі тут цесна пераплеценыя.

Візіт — гэта і прызнанне важнай ролі незалежнай і суверэннай Беларусі для рэгіянальнай бяспекі, і крок да ўліку нацыянальных інтарэсаў Беларусі пры распрацоўцы мірных дамоўленасцяў для спынення вайны супраць Украіны»

Паводле Кавалеўскага, чакаць вызвалення ўсіх і спынення рэпрэсій адразу – нерэалістычна, але паслядоўна рухацца ў гэтым кірунку, наколькі цяжкім і доўгім ні быў б гэты шлях – нашая мэта:

«Вельмі важна, каб і іншыя міжнародныя актары падтрымалі гэтыя намаганні ЗША. Таксама важна, каб Беларусь праявіла добрую волю і адказала практычнымі крокамі: і далейшым вызваленнем палітзняволеных, і спыненнем рэпрэсій».

t.me/euroatlanticagency