Тэст для Лукашэнкі, які той праваліў. Так прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі ацэньвае выбары ды міжнародныя заявы, якія прагучалі пасля іх. А гэта крытычныя заўвагі ад міжнароднай супольнасці.

Як кажа палітык, яны асабліва важныя напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі, якая мае пачацца ў наступным годзе.
– Важна захаваць менавіта паслядоўнасць і стабільнасць у такіх крытычных ацэнках з боку міжнароднай супольнасці да таго, што адбываецца ў Беларусі. Гэтыя выбары сталі першымі з 2020 года. Гэта быў пэўны тэст для Лукашэнкі ва ўмовах, калі ён мае няпэўную пазіцыю. Дзе ён? Як да яго ставіцца грамадства? Ён дакладна ведае, што яго не ўспрымаюць, што ён згубіў сваю легітымнасць. Тут Лукашэнку трэба паслаць пэўны моцны сігнал, што падобныя штукі не пройдуць.
Прыгадаем, што адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў у Беларусі Дзярждэпартамент ЗША выступіў з заявай, дзе назваў выбары ў Беларусі фіктыўнымі. Пазней выказаліся прадстаўніцтвы іншых краін і еўрапейскія палітыкі, якія выступілі з асуджэннем «сістэматычных рэпрэсій падчас выбараў» у Беларусі ды выказвалі словы падтрымкі беларускаму народу, а не палітычнаму рэжыму, які ўсталяваўся ў краіне.
Беларускае Радыё Рацыя