Працяглы і рэгулярны дыялог. Так прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў кажуць пра супрацу з Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, якая аб’ядноўвае парламентарыяў з 46 краін – членаў Рады Еўропы.

На пленарным пасяджэнні 25 студзеня ў Страсбургу разгледзяць даклад «Дэмакратычная будучыня Беларусі». І гэта важны палітычны крок, кажа прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі.
– Рада Еўропы ёсць тым месцам, якое назапасіла значную тэхнічную экспертызу для перахода да дэмакратыі, для будавання дэмакратычных інстытутаў, для павагі да правоў чалавека. Мы ўжо дасягнулі значных поспехаў, папраўдзе ўнікальных дасягненняў, у тым што ў нас ёсць інстытуцыйныя адносіны з Радай Еўропы. Створаная кантактная група, якая паспяхова працуе ўжо амаль паўтара года, бачым значную зацікаўленасць з боку і самой Рады Еўропы, каб памагчы нам з гэтым.
25 студзеня таксама на сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы пройдуць дэбаты па Беларусі, па выніках – прымуць рэзалюцыю. Чакаецца, што з заявай выступіць беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.
Валер Кавалеўскі таксама аналізуе адносіны афіцыйнай Варшавы і беларускай дэмакратычнай супольнасці. Акрамя сустрэч на высокім узроўні, важная штодзённая «ціхая дыпламатычная праца» ў ведамствах і міністэрствах. Валерый Кавалеўскі прыгадаў – важнейшыя пытанні, якія хвалююць абодва бакі.
– Сапраўды вельмі шмат прыярытэтаў: ад абароны незалежнасці Беларусі да вызвалення палітвязняў; міграцыйных пытанняў; супрацы ў сацыяльных пытаннях, тое, што тычыцца, нацыянальнага адраджэння, культуры, адукацыі для беларусаў у Польшчы. Цяпер новыя людзі прыходзяць на пасады тых, хто прымае рашэнні. І ў нас ёсць мажлівасць размаўляць пра нашую праблематыку з тымі людзьмі, якія прымаюць рашэнні, якія вызначаюць палітыку, звязаную з Беларуссю.
У Польшчы працуюць некаторыя інстытуты беларускай дэмакратычнай Беларусі, таксама сюды, як ў першы бяспечны пункт пераехала шмат беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Лабіраванне іх інтарэсаў, а таксама праца для беларусаў, што на радзіме чакаюць перамены – агульныя прыярытэт Польшчы, як краіны Еўразвязу, так і прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці.
Беларускае Радыё Рацыя






