BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Дзеля людзей можна дамаўляцца і з рэжымам Лукашэнкі”

Трэба рабіць усё, каб палітвязні выходзілі на волю. У гэтым перакананы кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі. Сённяшні Госць Рацыі распавёў нашаму радыё пра вызваленне Сяргея Ціханоўскага і іншых палітзняволеных, магчымасць зняцця санкцый і рэакцыі міжнародных партнёраў, а таксама пра цяперашні саміт NATO і яго значэнне для дэмакратычнага руху Беларусі.

РР: Вызваленне Сяргея Ціханоўскага і іншых палітвязняў для вас гэта сведчанне чаго менавіта?
 

Валер Кавалеўскі: Для мяне гэта сведчанне таго, што можна дамаўляцца з рэжымам Лукашэнкі, можна дамагацца гэтага выніку. Трэба падбіраць правільныя словы, трэба падбіраць правільныя фарматы, трэба запускаць працэс і падтрымліваць гэты працэс, каб ён рухаўся далей. І трэба прапаноўваць інструменты, якія могуць дапамагаць дасягаць гэтага выніку.

Мы тут гаворым пра санкцыйныя паслабленні – гэта тое, што важна для Лукашэнкі. Для нас важна тое, каб людзі выходзілі. Мы бачым, што амерыканцы ў гэтым сэнсе сталі такім эфектыўным брокерам, тым бокам, які гатовы дапамагаць нам вырашаць самую галоўную задачу вызвалення людзей. Самае галоўнае, што гэта магчыма. Яшчэ год таму казалі, што немагчыма дамагчыся ад Лукашэнкі вызвалення людзей. Таму адзіная стратэгія, якая можа быць датычна яго, гэта ціск і толькі ціск. Але мы бачым, што за год вызвалена больш за 300 чалавек. І гэта значнае дасягненне.

Ва ўмовах, калі людзі так церпяць у турмах, мы бачым на прыкладзе тых вызваленых у суботу 21 чэрвеня, у якім стане выйшлі людзі. Ім сапраўды трэба дапамога, ім трэба пакідаць гэтыя сцены, і трэба рабіць усё для таго, каб яны выходзілі. Таму гэта магчыма. Ёсць формулы, ёсць інструменты, ёсць міжнародныя партнёры, якія гатовыя нам у гэтым дапамагаць. Нам трэба спрыяць гэтаму працэсу, а не перашкаджаць.

РР: Іншая гісторыя – тое, што ў адказ на гэтай хвалі вызваленняў ёсць і новыя палітвязні.

Валер Кавалеўскі: Сапраўды гэта праблема, якая будзе кідаць цень на гэты перамоўны працэс. Разам з тым мы разумеем, што ў Беларусі рэпрэсіі сталі часткай сістэмы, і гэта ўжо ДНК гэтай сістэмы. Спыніць гэты працэс будзе няпроста. Праваабаронцы налічылі, што пасля 2020 года было прынята 50 заканадаўчых актаў, якія тым ці іншым чынам умацоўваюць рэпрэсіі, робяць іх інстытутамі, ужо законамі. Каб адкруціць гэтыя рэпрэсіі, каб адматаць іх, спатрэбіцца час, спатрэбіцца воля.

Я думаю, што як раз такі вось гэтыя намаганні па вызваленні людзей з турмаў ствараюць таксама пэўную атмасферу, можа аднаўляюць нейкі давер, можа дазваляюць выпрацаваць нейкія механізмы ўзаемадзеяння з Менскм дзеля таго, каб таксама закранаць пытанні рэпрэсій. Нават з таго артыкула The New York Times, які выйшаў у лютым гэтага года пасля візіту Крыса Сміта ў Менск, было відавочна, што ён таксама закранаў пытанні рэпрэсій, ці здольны будзе Лукашэнка іх спыніць. Ён сказаў, што так, гэта можна будзе зрабіць. Але гэта пытанне ні аднаго дня, ні аднаго дзеяння.

Магчыма, такіх сустрэч, якія мы бачылі ў Менску з удзелам генерала Келага, трэба будзе значна больш. У гэтым сэнсе мы, канешне, шануем вось гэтыя намаганні, гэтую волю амерыканцаў, тое, што яны ўзяліся за гэтую справу. Але тым не менш праблема рэпрэсій існуе. І як праблема палітычных зняволеных – гэта вырашальная праблема, і ёй трэба займацца. І тут вельмі важна не дапусціць скачвання зноў у такія максімалісцкія пазіцыі. Мы выпускаем усіх палітзняволеных за адзін дзень, мы адмяняем усе рэпрэсіі за адзін дзень, пры гэтым разумеючы, што рэжым, які ёсць у Беларусі, ён там, пакуль ён нікуды не збіраецца сыходзіць. Пакуль няма ніякіх прыкметаў, што ён сыдзе.

То бок, калі мы выстаўляем такі нерэалістычныя патрабаванні да сітуацыі, які разлік на тое, што яны будуць выкананыя? Трэба падыходзіць асэнсавана, разумеючы, што вырашыць праблему за адзін дзень не атрымаецца, але яе трэба пачаць вырашаць і трэба ў гэта верыць. Я бачу, што вось гэтыя амерыканскія намаганні паказваюць, што ёсць не толькі надзея, але ёсць і працэс, ёсць нейкі план таго, як можна вырашаць праблему з палітычнымі зняволенымі і праз яе пераходзіць да праблемы з рэпрэсіямі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З кіраўніком Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерам Кавалеўскім гутарыла Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя