BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валер Кавалеўскі: Палітвязні – індыкатар таго, што адбываецца зараз у Беларусі

Сёння Дзень салідарнасці з палітвязнямі. Зараз праходзіць буйная палітычная канферэнцыя ў Стакгольме, прысвечаная менавіта Беларусі. Абмяркуем яе з нашым госцем – намеснікам старшыні АПК, прадстаўніком па міжнародных справах Валерыем Кавалеўскім. Ён з намі на сувязі са Стакгольма. “Мы – голас беларускіх палітвязняў і нам нельга маўчаць ні дня” – пра гэта гаворыцца ў звароце Святланы Ціханоўскай.

РР: Якая Ваша рэакцыя на Дзень палітвязняў?

Валер Кавалеўскі: Гэта дзень, які нас аб’ядноўвае. Аб’ядноўвае тым, што людзі, якія церпяць за нашую свабоду, за будучыню нашай краіны, яны знаходзяцца ў самых складаных і невыносных умовах. І наш абавязак – дапамагчы ім, дапамагчы іхным сем’ям. Гэта тычыцца беларусаў, якія застаюцца ў нашай краіне, а таксама тых, хто за мяжой. І, канешне, мы робім усё для таго, каб як мага больш увагі міжнароднай супольнасці прыцягнуць да гэтага. Гэта вельмі важна, каб зразумець, што адбываецца ў Беларусі. Але таксама і з практычнага пункту гледжання, каб атрымліваць тую дапамогу, якая вельмі патрэбная для людзей, якія найбольш пацярпелі ў гэтай сітуацыі. Чаму палітычныя зняволеныя – гэта важна. І чаму мы пра гэта гаворым. Бо гэта аб’ектыўны і зразумелы індыкатар таго, што справы ў Беларусі ідуць вельмі кепска. Бо не павінна быць палітзняволеных у прынцыпе. Але ў нашай сітуацыі гэта яшчэ прывяло да таго, што Беларусь стала не проста месцам крызісу гуманітарнага, палітычнага, крызісу правоў чалавека, але Беларусь рэжыму Лукашэнкі стала тым месцам, якое пагражае міжнароднаму міру і бяспецы. І таму гэта закранае і інтарэсы міжнароднай супольнасці.

РР: Раней гучалі меркаванні, што нейкім чынам трэба размаўляць, можа нават падпольна з Лукашэнкам, пра магчымасць вызвалення палітвязняў.  Але гэтых размоваў ужо даўно няма. Гэта значыць, што на гэтым кірунку правал нейкі таемных размоваў з Лукашэнкам пра вызваленне палітвязняў?

Валер Кавалеўскі: Мы бачым, што рэжым захоўвае лінію на тое, каб пашыраць рэпрэсіі, узмацняць, рабіць больш жорсткімі ў дачыненні да людзей. І гэта можа азначаць, што той сумы ціску, які міжнародная супольнасць аказвае на рэжым Лукашэнкі, яшчэ недастаткова. Гэта яшчэ і паказчык таго, што Лукашэнка адчувае сябе няўпэўнена. Літаральна сёння мы даведаліся пра тое, што ўсе ўдзельнікі выбараў у Каардынацыйную раду – гэта больш за 250 чалавек – сталі фігурантамі новых крымінальных спраў. Але гэта яшчэ і паказчык таго, што Лукашэнка вельмі баіцца таго, што грамадства ўсё ж такі не перагарнула гэтую старонку, што беларусы па-ранейшаму настойваюць на дэмакратычных зменах у нашай краіне.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя