
У жніўні ў Варшаве пачало дзейнічаць Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва. Якія мэты яно ставіць перад сабой? Як будзе рэалізоўвацца праца?
На гэтыя і іншыя пытанні нашаму радыё адказвае “Госць Рацыі”, кіраўнік агенцтва Валер Кавалеўскі:
Валер Кавалеўскі: Наша самая галоўная мэта – стварыць умовы для таго, каб Беларусь магла інтэгравацца ў еўраатлантычную супольнасць, ва ўсе тыя накірункі, якія важныя для Беларусі. Мы гаворым тут і пра палітыку, пра эканоміку, пра бяспеку. Такія тры самыя галоўныя сферы гэтага. Вакол гэтага і будзе будавацца ўся праца. Тут важна разумець, што мы працуем не толькі з урадамі, не толькі з недзяржаўнымі арганізацыямі за мяжой, мы таксама працуем і з беларускім грамадствам. Важна тлумачыць чаму Беларусь важная для Еўропы. Таксама важна тлумачыць чаму Еўропа важная для Беларусі, што гэта азначае сёння, што гэта азначае ў нашай гісторыі. Таксама якія выгоды можа прынесці сяброўства ў еўрапейскай сям’і для Беларусі. Вось у гэтых трох больш шырокіх сферах.
РР: Распавядзіце калі ласка пра каманду.
Валер Кавалеўскі: На сённяшні дзень – гэта тры чалавекі. Гэта камунікацыйны дырэктар Кірыл Дынько, дарадца па знешняй палітыцы Антон Пянькоўскі і я, хто будзе кіраваць гэтай камандай. Мы канешне разлічваем на тое, што з цягам часу гэта каманда будзе павялічвацца. Таксама будзем звяртацца да знешніх экспертаў з канкрэтнымі ідэямі, прапановамі, задачамі, якія можна будзе адпрацоўваць менавіта ў такім больш гнуткім рэжыме.
РР: Каго менавіта запрашаеце да супрацы?
Валер Кавалеўскі: Запрашаем да супрацы спецыялістаў па знешняй палітыцы. Людзей, якія разумеюць еўрапейскія інстытуты, што такое еўрапейская інтэграцыя, бо гэты працэс сапраўды вельмі складаны. Не проста паставіць сабе задачу далучыцца да Еўрапейскага звязу. Тут закранаюцца фактычна ўсе пласты таго, як дзейнічае дзяржава, як дзейнічае эканоміка. Тут памятаем таксама, вельмі важна для нас усведамляць, што сяброўства ў Еўрапейскім Звязе, еўраатлантычнай супольнасці – гэта найперш адпаведнасць каштоўнасцям, якія звязваюць Беларусь і Еўропу. Гэта павага да правоў чалавека, вольныя выбары, незалежная судовая сістэма, вяршэнства права. Гэта ўсё тое, пра што казалі беларусы, калі яны выходзілі на пратэсты ў 2020 годзе. Гэта тое, што наўпрост нас звязвае менавіта з гэтай палітычнай цывілізацыяй. Бо на пратэсты 2020 года мы не бачылі, каб людзі выказваліся за адсутнасць выбараў ці за свавольства міліцыі, ці за падкантрольнасць судоў уладзе. Як раз гэта тое, што ўласціва дыктатарскім рэжымам, уласціва Расеі, уласціва дыктатуры Лукашэнкі. То бок мы можам казаць абсалютна ўпэўнена, менавіта тады беларусы казалі пра свой еўрапейскі выбар. Яны хочуць жыць менавіта ў такіх умовах, дзе ёсць паслядоўная палітыка дзяржавы па выкананні гэтых каштоўнасцяў.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Сачыць за дзейнасцю АЕС можна праз тэлеграм-канал: https://t.me/euroatlanticagency.
Беларускае Радыё Рацыя






