
У нашым эфіры пабываў кіраўнік “Агенцыі Еўраатлантычнага супрацоўніцтва” Валер Кавалеўскі, ужо экс-намеснік Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі.
РР: Прайшоў ужо амаль месяц пасля таго, як вы склалі з сябе абавязкі. Як пачуваецеся ў новым статусе?
– Амаль адразу пасля таго, як я прыняў гэтае рашэнне, я пачаў працаваць над стварэннем новай ініцыятывы, якую вы тут пазначылі. Яна будзе прысвечана вырашэнню тых праблем, якія стаяць перад Беларуссю на міжнароднай арэне. Нам па-ранейшаму трэба весці працу з міжнароднай супольнасцю, атрымліваць дапамогу ў вырашэнні палітычных і геапалітычных пытанняў, шукаць дапамогу для дзейнасці дэмакратычнага руху Беларусі. Таксама трэба ствараць умовы для таго, каб прывесці Беларусь у Еўраатлантычную супольнасць.
Найперш мы тут гаворым пра інтэграцыю ў Еўрапейскі Звяз, гэта стратэгічныя пытанні, задачы якія трэба вырашаць не за адзін дзень. Цягам часу трэба выбудоўваць сувязі, ствараць новыя механізмы для таго, каб у Еўропе лепш разумелі Беларусь, яе прыналежнасць да еўрапейскай сям’і. Таксама працаваць з беларускім грамадствам, тлумачыць ім, інфармаваць іх пра тое, якім чынам будуць забяспечвацца інтарэсы Беларусі, калі Беларусь будзе далучацца да еўрапейскай супольнасці.
РР: Маецца на ўвазе, што звыш мэтай вы ставіце далучэнне Беларусі да НАТА? Ці пра гэта няма гаворкі?
– Я б такога не выключаў. У тым сэнсе, што ўжо пачаўся дыялог з Паўночнаатлантычным альянсам. Гэта тая праца, якую я вёў у Кабінеце. Мы вывелі гэта ўжо на ўзровень таго, што ёсць дыялог паміж НАТА і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Гэта трэба напаўняць практычным зместам. Мы тут гаворым пра інфармаванне паўночнаатлантычнай супольнасці пра сітуацыю ў Беларусі, пра падрыхтоўку спецыялістаў па самых розных накірунках. Пра тое, каб сумесна выпрацоўваць крокі, якія дазволяць беларусам захаваць незалежнасць, адстаяць суверэнітэт і правесці транзіт.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя