
Пра гэта палітык паведаміў у сваім фэйсбуку. Кавалеўскі заявіў наступнае:
Паважаныя беларускі і беларусы,
Сёння я прымаю рашэнне аб складанні з сябе абавязкаў намесніка кіраўніцы і прадстаўніка па замежных справах у Аб’яднаным пераходным кабінеце. На гэтым напрамку з’явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзення працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі.
За тры с паловай гады маёй працы ў Офісе Святланы Ціханоўскай і ў Аб’яднаным пераходным кабінеце зроблена шмат змястоўнай працы ў знешняй палітыцы і дыпламатыі: усталяванне новых прафесійных сувязяў, адносінаў даверу і супрацы з урадамі і міжнароднымі арганізацыямі, распрацоўка і прасоўванне новых падыходаў да абароны незалежнасці нашай краіны, стварэнне унікальных механізмаў міжнароднай супрацы на карысць беларускіх нацыянальных інтарэсаў, інфармаванне дыпламатычных, экспертных і палітычных колаў аб сітуацыі ў Беларусі, узмацненне палітычнага і санкцыйнага ціску, мабілізацыя дапамогі для ўсяго руху, вырашэнне практычных праблем у галіне міграцыі, умацаванне супрацы паміж дэмакратычнымі інстытутамі. Я ўдзячны Святлане Ціханоўскай за давер і калегам па руху і міжнародным партнёрам за плённую супрацу па гэтых напрамках.
Перакананы, што міжнародная дзейнасць павінна быць толькі дадаткам да працы па дасягненні зменаў у Беларусі. Менавіта праца з беларускімі грамадзянамі, з беларускім бізнесам, з беларускімі палітычнымі структурамі і грамадзкімі ініцыятывамі з’яўляецца найскладанейшым, але і найбольш абгрунтаваным і перспектыўным шляхам дасягнення мэтаў руху: абароны незалежнасці Беларусі, аднаўлення дзяржаўнага суверэнітэту, усталявання канстытуцыйнага парадку ў нашай краіне і пераходу да дэмакратычнай формы кіравання.
Жыве Беларусь!
Валер Кавалеўскі
26 чэрвеня 2024 года






