У нашым эфіры пабываў Валерый Карбалевіч – палітычны аналітык і публіцыст.
Валерый Карбавлевіч
РР: Пра што можа сведчыць тое, што здавалася б, у сярэдзіне лета, у такое міжсезонне, мы бачым такую шчыльнасць падзеяў, самых розных накірункаў? Пра што гэта кажа? Ці можа гэта азначаць, што нейкія сітуацыі вырашацца, ці набудуць неўзабаве нейкую новую якасць?
– Падзеі адбываюцца ў любы сезон – і ў зімовы, і ў летні. Я думаю, што тут проста збег абставінаў. Нічога канспіралагічнага я тут не бачу.
РР: Ці можам мы таксама казаць, што тое што мы чытаем і бачым гэта толькі вяршыня айсбергу, а нешта больш істотнае застаецца папросту па-за нашай увагай?
– Я не думаю, што нешта такое істотнае ёсць, чаго мы не ведаем, і што вельмі моцна ўплывае на працэсы. Асноўныя працэсы, асноўныя тэндэнцыі, асноўныя факты – яны ёсць, яны на паверхні, яны бачныя, яны зразумелыя. Калі нешта і ёсць, нейкія закулісныя рэчы пра якія мы не ведаем, то я не думаю, што яны вельмі моцна ўплываюць на палітычныя працэсы. Таму схаваць палітычныя працэсы так, каб пра іх не было вядома – гэта немагчыма.
РР: Тады пачнем з Рыко Крыгера, нямецкага грамадзяніна, якому Менскі Абласны Суд прысудзіў смяротнае пакаранне. І прысуд гэты быў вынесены амаль месяц таму, 24 чэрвеня, але стала пра гэта вядома толькі цяпер. Што гэта, ці не адбыўся нейкі зліў, і інфармацыя ж гэтая распаўсюдзілася праз праваабаронцаў, праз рэсурс «Матолька.Help». Дзяржаўныя інфармацыйныя органы былі відавочна незацікаўленыя, каб гэту інфармацыю падаваць, ці Вам так не падаецца?
– Цяжка сказаць. Я хачу звярнуць увагу, што інфармацыя пра гэты прысуд зʼявілася амаль адначасова з інфармацыяй пра прысуд амерыканскаму журналісту ў Расеі. І гэтыя 2 прысуды як бы вылезлі на паверхню. Таму тут можна спрабаваць будаваць нейкія версіі, што Масква і Менск прабуюць уступіць у нейкі торг з Захадам – з ЗША і Нямеччынай. Хочуць атрымаць за вызваленне гэтых людзей нейкія саступкі. Што хоча Расея больш-менш зразумела – вызваленне свайго афіцэры, які здзейсніў тэрарыстычны акт у Нямеччыне, якія сядзіць у нямецкай турме. Што хоча Беларусь пакуль не вельмі зразумела, і наогул не вельмі зразумела, чаму яго судзілі ў Беларусі.
РР: Можа быць таму, што смяротнае пакаранне па-ранейшаму дзейнае, не адмененае?
– Хіба што праблема ў смяротным пакаранні. І для таго каб падняць стаўкі, для таго каб вывезці праблему на ўзровень нейкага торгу, яго перадалі ў Беларусь. І тут такое смяротнае пакаранне, і прычым цікава, што беларускі МЗС намякнуў, што гатовы абмяркоўваць гэтую сітуацыю з нямецкім бокам. Хаця здавалася б, што абмяркоўваць: вось злачынства, вось прысуд Але хочуць абмяркоўваць. Значыць сапраўды, гэты прысуд не проста адказ на нейкае крымінальнае злачынства, гэта палітычны прысуд, і ён нейкім чынам звязаны з тым торгам, якім хацеў бы навязаць Менск Нямеччыне ў дадзеным выпадку.
РР: І з Масквой таксама звязана, магчыма, што Крэмль выкарыстоўвае Беларусь, так? У гэтым выпадку?
– У кожным разе гэтая тэма ўзгадняецца, я думаю.
РР: Але ў агульным патоку навінаў гэтая інфармацыя пра смяротны вырак нямецкаму грамадзяніну выглядае, як нейкая палка ў кола проста. Нават цягам тыдняў мы назіраем такую міралюбівую рыторыку. Вы сам казалі, што нават Лукашэнка ў адносіна з Украінай яшчэ не дэманстраваў такога міралюбства ад пачатку расейскай агрэсіі. Мы чуем пра бязвізавы рэжым для грамадзянаў 35 краінаў Еўропы, і тут раптам гэты прысуд. Ці ідзе ўсё так, як запланавала «новая» каманда, якую набраў Лукашэнка? Новая ў двукоссі, я маю на ўвазе змененыя кадры МЗС і ягонай адміністрацыі.
– Бачыце, мне падаецца, што тут кіраўніцтва Беларусі прабуе ўжываць сваю ранейшую тактыку – перамовы з пазіцыі сілы. З аднаго боку нейкія жэсты, і жэст у бок Украіны, і жэст у бок Польшчы. Новы Міністр Замежных Справаў Максім Рыжанкоў прапанаваў дыялог. І бязвіз для 35 краінаў Еўропы І тое ж самае вызваленне палітзняволеных, якое ўжо трохі забылася. А з іншага боку спроба падвысіць стаўкі ў гэтай гульне, у гэтым дыялогу, у гэтым торгу. Прысуд нямецкаму грамадзяніну гэта такая спроба весці дыялог з пазіцыі сілы.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя