BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валерый Карбалевіч: Назіраецца капіяванне расейскіх прэзідэнцкіх выбараў

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі дапусціла да збору подпісаў 7 прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года. Госць Рацыі – палітычны аналітык Валерый Карбалевіч.

РР: Актыўная атрымліваецца выбарчая кампанія ў Беларусі. Нават больш было прэтэндэнтаў, але не ўсіх прынялі прадстаўнікі ЦВК. Зараз 7 іх застаецца, але трэба яшчэ сабраць подпісы.  

Валерый Карбалевіч: Так, падалі заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп 11 чалавек, зарэгістравалі толькі 7. Не ведаю, якая там стратэгія далей ва ўладаў, але зразумела, што ўся кампанія вельмі моцна кантралюемая. У пэўным сэнсе тут ёсць нейкае капіяванне расейскіх прэзідэнцкіх выбараў. Нагадаю, што ў Расеі акрамя Пуціна ў выбарах прэзідэнта ўдзельнічала яшчэ тры кандыдаты – лідары парламенцкіх партый. Атрымоўваецца, што і ў Беларусі лідары трох парламенцкіх партый удзельнічаюць у гэтай кампаніі – Хіжняк, Гайдукевіч і Сыранкоў. У дадатак да гэтага яшчэ прадстаўніца Саюза жанчын, прадстаўнік Саюза афіцэраў і ў дадатак да іх яшчэ і Канапацкая.

РР: Наменклатура сабралася і правіць баль зараз.

Валерый Карбалевіч: Гэта як бы і не зусім наменклатура, гэта ўсё ж такі кіраўнікі партый і грамадскіх арганізацый. Справа ж не ў гэтым, ствараецца імітацыя нейкай нармальнай выбарчай кампаніі. Але ў нармальнай выбарчай кампаніі павінны быць яшчэ кандыдаты. Таму што калі адзін Лукашэнка апынецца ў бюлетэнях для галасавання, гэта нават па беларускіх уяўленнях не вельмі добра. Таму што за тыя гады, якія прайшлі пасля распаду СССР, з’явілася ўжо новая традыцыя. Традыцыя нейкай канкурэнцыі. І традыцыя, калі ў акрузе ці сярод кандыдатаў у дэпутаты некалькі прэтэндэнтаў. Таму, калі адзін, гэта разбурае традыцыю.  І так ці інакш, Лукашэнка вымушаны гэта ўлічваць. Таму і ствараецца імітацыя такой канкурэнцыі. Хоць зразумела, што ніякай канкурэнцыі няма. Для мяне цікава, напрыклад, як будуць збіраць подпісы вось гэтыя “альтэрнатыўныя” нібыта Лукашэнку кандыдаты. Калі яны будуць рэальна збіраць. Таму што добра памятаюць людзі, што пасля 2020 года людзей, якія падтрымлівалі альтэрнатыўных кандыдатаў, звальнялі з працы. Людзі зараз сем разоў падумаюць, чым падпісвацца, бо будуць памятаць, што было пасля 2020 года. І як тлумачыць сябрам ініцыятыўнай групы, што мы, маўляў, таксама за Лукашэнку. Мы ж падстаўныя.

РР: Прозвішча Канапацкай Вас здзівіла ў гэтым спісе?

Валерый Карбалевіч: У пэўным сэнсе так. Усе планавалі, што ў гэтым спісе ўвогуле не будзе людзей, якіх  нават неяк аддалена можна залічыць да апазіцыі. А Канапацкую да такіх шэрагаў можна залічваць. Яна ў апазіцыйнай партыі была, спрабавала неяк дэманстраваць сваю апазіцыйнасць, калі была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. Ды і на выбарах 2020 яна даволі актыўна крытыкавала Лукашэнку і ўладу. Таму з’яўленне яе трохі нечакана. Паглядзім, ці дадуць ёй збіраць подпісы. І ці зарэгіструюць яе пасля таго, як здадуць подпісы. То бок, ці стане яна рэальна кандыдаткай і ці дапусцяць яе да агітацыі. Пакуль для мяне гэта не да канца зразумелая сітуацыя.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя