BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валерый Карбалевіч: У Беларусі фармуецца таталітарны рэжым

Фота: liberalclubbelarus / Facebook

Краіны Захаду не маюць ніякага жадання, матывацыі і прычын, каб пачаць дыялог з афіцыйным Менскам. Таксама няма ніякіх чыннікаў, якія б падштурхоўвалі рэжым у Менску да нейкіх перамоў і дыялогу. Так кажа наш сённяшні госць, палітычны аглядальнік “Радыё Свабода” Валерый Карбалевіч. На размову з госцем запрашае Яна Запольская:

РР: Даходзяць такія сігналы, факты пра тое, што надалей ідзе актыўны гандаль з афіцыйным Менскам, польскі экспарт паказвае рэкордныя паказчыкі. Усё часцей сярод элітаў гаворыцца пра стомленасць украінскім пытаннем і т.д. Ці гэта інфармацыя, якая не сведчыць пра нейкія змены ці ўсё ж такі гэта сігналы, якія сведчаць пра змены і напэўна не на карысць дэмакратычных сілаў Беларусі?

– Я нічога не ведаю пра змены ў краінах Захаду адносна афіцыйнага Менску. Ёсць нейкія змены адносна Украіны, адносна падтрымкі Украіны, гэта мы бачым. Змянілася пазіцыя ЗША адносна падтрымкі Украіны, яна моцна зменшылася. Ёсць пэўныя хістанні і ў Еўропе, грамадства стамілася. Але гэта тычыцца падтрымкі Украіны, напэўна ісці на кампраміс з Расеяй.

РР: То бок калі вяртацца да стану беларускіх дэмакратычных сілаў. Усё ж такі гэта нейкі статус-кво на сённяшні дзень можна сказаць, ёсць вось гэтая падтрымка Захаду. Наколькі ёсць магчымасці ўплыву на беларусаў унутры краіны?

– Змены адбываюцца, яны адбываюцца, скажам так, у горшы бок. Магчымасці замежных апазіцыйных цэнтраў уплываць на ўнутраную палітычную сітуацыю пагаршаюцца. Пакуль не бачна ніякіх прыкметаў таго, што нешта тут можа памяняцца. У Беларусі фармуецца таталітарны рэжым, у рамках таталітарнага рэжыму не можа існаваць палітычная апазіцыя ў прынцыпе. Могуць існаваць дысідэнты і тое толькі ў турме. Таму гэта сур’ёзная праблема, шляхоў вырашэнне якой у сённяшніх умовах не бачна. Калі нічога не памяняецца, калі сённяшняе статус-кво захаваецца, сённяшнія трэнды захаваюцца, то на гарызонце не бачна ніякіх перамен, якія маглі б дазволіць гэтым апазіцыйным цэнтрам у замежжы ўплываць на сітуацыю ўнутры Беларусі.

РР: Калі тэарэтычна паразважаць. Якая схема гэтага ўплыву ўвогуле магчымая?

– Пакуль няма жадання, матывацыі, прычын, якія падштурхоўвалі б краіны Захаду да пачатку нейкага дыялогу з афіцыйным Менскам. Пакуль няма ніякіх прычын, якія б падштурхоўвалі афіцыйны Менск да нейкіх перамоваў і дыялогу. Таму сёння сітуацыя ў абсалютным тупіку і яна залежыць ад нейкіх дзеянняў беларускай апазіцыі.

Поўная гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя