Госць Рацыі – намеснік кіраўніцы АПКБ, прадстаўнік па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі.
РР: Як ідзе справа з распрацоўкай дакумента і ўводам яго ва ўжытак? Вы казалі, што ў гэтую справу трэба заангажаваць беларусаў і беларусак свету, бо будзе патрэбная дапамога праекту новага пашпарту.
Валерый Кавалеўскі: Гэты праект тычыцца многіх з нас, калі не ўсіх з нас. Бо ёсць такая вострая патрэба ў абнаўленні дакументаў, у атрыманні новых пашпартоў. Сітуацыя на сённяшні дзень такая, што мы вядзем зараз перамовы з кандыдатам на дырэктара, які ўзначаліць пашпартны цэнтр, які будзе займацца менавіта тэхнічнай часткай выдачы дакументаў, і спадзяюся, што вельмі хутка ў нас ужо будзе такі гаспадар гэтага органа выдачы, які будзе адказваць менавіта за тэхнічную частку праекту, які будзе публічным тварам, голасам гэтага праекту, ад якога можна будзе атрымліваць неабходную інфармацыю пра тое, як развіваецца гэтая тэма. І задачы, якія будуць стаяць найперш, гэта зацвярджэнне канчатковага дызайна пашпарта, друк узораў дакумента, які неабходны, каб звяртацца да ўрадаў за прызнаннем дакумента і самаго органа выдачы, а таксама арганізацыя ўсяго вытворчага працэса, – тое што тычыцца прыёма заявак на атрыманне дакумента, верыфікацыі людзей, размяшчэння замовы на персаніфікацыю дакументаў, захаванне даных, якія будуць перадавацца падчас гэтага працэсу.
РР: Што гэта будзе за структура? Гэта будзе нейкая грамадская арганізацыя, гэта будзе нейкі офіс, які будзе падпарадкоўвацца літоўскім або польскім уладам? Што гэта будзе юрыдычна за структура, якую будзе ачольваць гэты чалавек?
Валерый Кавалеўскі: Гэта асобная юрыдычная асоба, якая створана Офісам Святланы Ціханоўскай і АПКБ. Яна будзе падпарадкоўвацца менавіта беларускаму боку. І гэта будзе менавіта беларуская структура, якая будзе выконваць задачы ў інтарэсах беларусаў.
РР: Адкуль браць афіцыйную інфармацыю пра пашпарт Новай Беларусі?
Валерый Кавалеўскі: Найперш трэба кіравацца менавіта інфармацыяй, атрыманай з афіцыйных крыніцаў – гэта АПКБ і Офіс Святланы Ціханоўскай. Будзе створана платформа, якая будзе дэталёва і падрабязна апісваць усе працэдуры і будзе створаны механізм таго, як трэба падаваць гэтыя дакументы. Мы лічым, што гэтыя дакументы будуць падавацца афлайн, то бок, асабіста. Каб людзі былі ўпэўненыя ў тым, што іх інфармацыя не пойдзе ў нейкім няправільным кірунку.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя