
Перамога якога з кандыдатаў будзе выгоднай для Беларусі – Камалы Харыс ад дэмакратаў або Дональда Трампа ад рэспубліканцаў? Пра гэта ў сённяшнім выпуску праграмы “Мы бачым” паразважае кіраўнік Агенцыі еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі:
– Насамрэч ужо доўгі час у Злучаных Штатах існуе двухпартыйны кансэнсус, што да сітуацыі ў Беларусі. Нагадаю, што ў 2020 годзе, калі адбываліся пратэсты, прэзідэнтам быў Трамп. Тады адміністрацыя Трампа зрабіла вельмі шмат для таго, каб падтрымаць дэмакратычны рух. У час Трампа быў падпісаны “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, які таксама падпісваў Дональд Трамп.
Па словах эксперта, адна справа ацэньваць патэнцыйную ўвагу да Беларусі пасля выбараў у ЗША, іншая справа, як гэта адаб’ецца на агульнапалітычным кантэксце, якія маглі б нашкодзіць беларусам.
– У Дональда Трампа былі выразныя аўтарытарныя памкненні. Тое, што ён рабіў у сваёй краіне падчас першага прэзідэнцкага тэрміну, яно вельмі часта вяло да разбурэння інстытутаў, аслаблення. Гэта такі індыкатар, які вельмі добра знаёмы беларусам.
Разгорнутая гутарка з Валерыем Кавалеўскім, які доўгі час працаваў у ЗША як дыпламат і як супрацоўнік Сусветнага банку, сёння ў праграме “Мы бачым”. Пачатак а 17:10 па беларускім часе.
Беларускае Радыё Рацыя