Мінулы тыдзень у міжнародным плане быў вельмі дынамічны для Аб’яднанага Пераходнага Кабінету. Гэта падзеі ў Варшаве і Хельсінкі. Абмяркоўваем іх з прадстаўніком АПКБ па міжнародных справах, намеснікам старшыні АПКБ Валерыем Кавалеўскім.
РР: Распачнем з шырокай праграмы візіту Святланы Ціханоўскай у Варшаву. Абмяркоўвалася багата пытанняў з польскімі палітыкамі, былі сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы, з маршалкамі абедзвюх палат парламента і міністрамі. Якія найважнейшыя тэмы закраналіся падчас гэтых сустрэч?
Валерый Кавалеўскі: Парадак дня адносінаў паміж дэмакратычнай Беларуссю і Польшчай вельмі шырокі. Вельмі шмат прыярытэтаў – ад абароны незалежнасці Беларусі, да вызвалення палітвязняў, да міграцыйных пытанняў, нацыянальнага адраджэння, культуры, адукацыі для беларусаў у Польшчы. Для нас было вельмі важным сустрэцца з новым урадам Польшчы, каб прапанаваць пашыраны парадак дня, абмеркаваць і на палітычным роўні, і тэхнічным роўні ўсе гэтыя праблемы, для таго, каб выбудоўваць дадатковыя механізмы для таго, каб гэты парадак дня адпрацоўваўся больш сістэматычна. Трэба адзначыць, што і папярэдні ўрад ішоў нам насустрач у гэтых пытаннях, але цяпер новыя людзі прыходзяць на пазіцыі тых, хто прымае рашэнні. Таму можна сказаць, што візіт быў вельмі паспяховы менавіта з гэтага пункту гледжання. Мы пазнаёміліся, мы прадставілі свае прапановы. І цяпер будзе задача вывесці гэта на практычны ровень, дзе мы будзем сістэмна адпрацоўваць усе нашыя тэмы.
РР: Гаворым пра палітычны настрой, пра змену ўраду ў Польшчы. І як Вам здаецца, гэты палітычны настрой мяняецца ці ўсё застаецца на тым самым роўні?
Валерый Кавалеўскі: Насамрэч, стаўленне да беларускага пытання застаецца вельмі ўважлівым, вельмі высокага роўня. І, сапраўды, у нас ёсць магчымасць размаўляць пра нашу праблематыку з тымі людзьмі, якія прымаюць рашэнні, якія вызначаюць палітыку па Беларусі. Але тое адрозненне, якое для нас вельмі важнае, гэта тое, што прыйшоў новы ўрад з новай энергіяй, з новым жаданнем штосьці мяняць.
РР: На мінулым тыдні таксама адбылася двухдзённая канферэнцыя “Хельсінкскі дыялог: будучыня Беларусі”.
Валерый Кавалеўскі: Я б сказаў, што было дзве важныя часткі. Першая – гэта ўласна канферэнцыя. І таксама – нацыянальная праграма, то бок, гэта сустрэча з урадам і парламентам Фінляндыі. Былі сустрэчы з прэм’ерам, са спікерам, з міністрам замежных спраў. І тут мы бачым, што ёсць жаданне ісці наперад у нейкіх пытаннях. У парламенце зараз будзе заснавана новая група па Беларусі, якая стане 24-й у Альянсе “За дэмакратычную Беларусь”. Гэта таксама паказальна, што ёсць жаданне ўмацоўваць менавіта супрацу на інстытуцыянальным роўні паміж дэмакратычнай Беларуссю і Фінляндыяй.
Беларускае Радыё Рацыя