Шляхі да вызвалення палітычных зняволеных надалей ёсць. Такое меркаванне выказаў кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі. Нядаўна ён ажыццявіў працоўную паездку ў Злучаныя Штаты, дзе ў тым ліку абмяркоўвалася пытанне палітвязняў. Вынікі гэтай паездкі з дыпламатам абмяркоўвае Яна Запольская.

РР: Вы зазначылі, што адна з галоўных тэмаў гэтых сустрэч была прысвечаная палітычным зняволеным. Яна заўсёды актуальная, але цяпер дыскусія на гэтую тэму абвастрылася ў беларускім дэмакратычным грамадстве. Маем мы механізмы ўплыву на вызваленне палітычных зняволеных ці не маем? І ў чым нам могуць дапамагчы Злучаныя Штаты ў гэтым пытанні?
Валерый Кавалеўскі: Я б тут падзяліў паездку ў Злучаныя Штаты на дзве часткі. Першая – была ў Вашынгтон, я там працаваў цэлы тыдзень. І там сапраўды былі сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Злучаных Штатаў, у Дзрждэпартаменце была цэлая серыя кансультацый, у Белым Доме, у Радзе нацыянальнай бяспекі і таксама і ў Кангрэсе, дзе абмяркоўваліся і пытанні таго, якую пагрозу ўяўляе з сябе Расея, якім чынам яна спрабуе ўсталяваць большы кантроль над Беларуссю, як яна ўцягвае Беларусь у вайну і што можа рабіць міжнародная супольнасць для таго, каб абараніць незалежнасць Беларусі. У гэтым пытанні прагрэс вельмі павольны, і тут трэба шукаць нейкія новыя падыходы для таго, каб усё ж такі мабілізаваць міжнародную супольнасць. Яна, канешне, зараз вельмі занятая праблемамі Украіны, Блізкага Усходу. У пэўным сэнсе ўплывае на сітуацыю і выбарчая кампанія ў Злучаных Штатах, дзе ўся ўвага скіраваная менавіта на гэта. Але тым не менш мы абавязаныя шукаць такія магчымасці, каб забяспечыць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.
Другой тэмай было – палітыка Злучаных Штатаў датычна Беларусі, у гэтым сэнсе важную ролю можа адыграць актар дэмакратыі ў Беларусі, які зараз разглядаецца ў Кангрэсе.
І тут таксама беларускаму боку трэба прыкладаць дадатковыя намаганні, дзеля таго, каб гэты законапраект зрушыўся з месца, каб ён быў прыняты, як мага хутчэй, прынамсі да выбраў у Беларусі важна гэтую задачу выканаць.
І трэцяй такой важнай шырокай тэмай – гэта была задача вызвалення палітычных зняволеных. Гэтая тэма абмяркоўвалася і ў Вашынгтоне, і пасля ўжо ў Нью-Ёрку, дзе мы працавалі разам з Вольгай Гарбуновай, маёй былой калегай па Аб’яднаным пераходным кабінеце. Там былі сустрэчы галоўным чынам па-за межамі Генеральнай Асамблеі ААН, таму што ў нас не атрымалася зрабіць пропускі для сябе, каб працаваць там сярод дэлегацый. Але тым не менш была досыць карысная праца, сустрэчы з дыпламатычным корпусам, якія працуюць у ААН, з аналітычнай супольнасцю, з такімі досыць выбітнымі асобамі з амерыканскага істэблішменту, якія могуць нам у гэтым сэнсе дапамагаць. Але тут я сапраўды падкрэсліў бы задачу таго, каб працягваць больш Злучаныя Штаты да гэтай працы, бо ўсё ж такі яны з’яўляюцца такім прызнаным лідарам у свеце па вызваленні палітзняволеных, закладнікаў. Яны часта выконваюць такія пасрэдніцкія функцыі ці наўпрост удзельнічаюць у перамовах і дапамагаюць вырашаць гэтую праблему.
На наш погляд ёсць іншыя інструменты, ёсць усё ж такі патэнцыял таго, што мы маглі б яшчэ зрабіць для таго, каб вызваляць палітычных зняволеных. І вось гэты расейска-амерыканскі абмен, які здарыўся на пачатку жніўня, паказаў, што калі працаваць сістэмна, сфакусавана і паслядоўна над такімі пытаннямі, то мы можам дасягнуць выніку. І ў пэўным сэнсе нас вельмі засмуціла, што ніводнага беларуса не было ўключана ў спіс на абмен тады ў жніўні, але з іншага боку яно паказала, што гэта ўсё ж такі магчыма зрабіць. І гэта дадало новую энергію. І зараз мы прыступаем да гэтай працы з новым падыходам, з новым мысленнем, што трэба думаць і дзейнічаць па-іншаму.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






