Падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Аўстралію дэлегацыя сустрэлася з прадстаўнікамі парламента, палітычных партый, дыпламатычных колаў і беларусамі з дыяспары.

Як распавёў дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, вынікі гэтых сустрэч адкрываюць магчымасць стварэння ў аўстралійскім парламенце дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь»:
– Пасля гэтай паездкі мы дакладна можам сказаць, што варта разглядаць Аўстралію як патэнцыйнага чальца шырокай дэмакратычнай кааліцыі па Беларусі. Выразны, ясны адказ пра легітымнасць і суб’ектнасць Ціханоўскай, кабінета, Каардынацыйнай рады – усіх дэмакратычных сілаў. Аўстралія – гэта не Літва ці Польшча, якія праз плот. Адлегласць паміж Аўстраліяй і Беларуссю больш за 15 000 кіламетраў. Прымалі Святлану Ціханоўскую на самым высокім дзяржаўным узроўні.
У межах афіцыйнага візіту Святлана Ціханоўская сустрэлася з намеснікам дзяржсакратара Аўстраліі Джэймі Ісбістэрам і прэм’ер-міністрам Энтані Албанезэ ў яго Офісе ў Канберы. Акрамя таго, яна правяла публічную лекцыю ў Аўстралійскім нацыянальным універсітэце, а таксама сустрэчы з беларусамі Аўстраліі. У Сіднэі Ціханоўская ўшанавала памяць загінулых у войнах мінулага стагоддзя, усклаўшы кветкі да Мемарыялу ANZAC.





Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Офіса






