Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа заявіў, што Ватыкан можа стаць месцам для мірных перамоваў паміж РФ і Украінай. Такім чынам палітык прыняў прапанову Апостальскай Сталіцы пасля таго, як Папа Леў XIV паабяцаў асабіста прыкласці “ўсе намаганні”, каб дапамагчы скончыць вайну. Аб гэтым піша Associated Press.

Фота: AP
Па словах Рубіа, ён будзе абмяркоўваць патэнцыйныя шляхі таго, як можа Ватыкан дапамагчы ў пытанні перамоваў паміж бакамі канфлікту.
Калі ў дзяржсакратара спыталі, ці можа Ватыкан быць мірным пасярэднікам, ён адказаў:
“Я б не назваў яго пасрэднікам, але гэта, безумоўна, – я думаю, што гэта месца, куды было б камфортна звярнуцца абодвум бакам. Так што мы будзем гаварыць пра ўсё гэта і, відавочна, заўсёды ўдзячны Ватыкану за іх гатоўнасць адыгрываць гэту канструктыўную і пазітыўную ролю”.
У AP нагадалі, што Ватыкан прытрымліваецца дыпламатычнага нейтралітэту і ўжо даўно прапаноўваў свае пляцоўкі для садзейнічання перамовам.






