BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Важна памятаць пра знікненне чалавека, а не пра нейкае палітычнае пытанне”

Чарговыя інфармацыі ў справе знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады: перад яе знікненнем з яе акаўнту спампавалі файлы, да якіх яна мела доступ у рамках працы КР. У каго гэта інфармацыя невядома, што можа прынесці доўгатэрміновыя праблемы беларускай дэмакратычнай супольнасці. На гэта ўвагу звяртае наш Госць – палітычны аналітык Вадзім Мажэйка. Пра палітычныя аспекты гэтай справы ды бяспеку кожнага размаўляе з ім наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Каардынацыйную раду звычайна крытыкавалі, зараз знікла яе спікерка. Вядома, гэта палітычная справа, як яе можна разабраць, раскласці па палічках, што ўвогуле адбылося паводле цябе?

Вадзім Мажэйка: Першае, на што я б звярнуў увагу, вельмі важна захоўваць такі гуманны складнік, памятаць пра знікненне чалавека, а не пра нейкае палітычнае пытанне. Зараз процьма спекуляцый на гэтай тэме, домыслаў, якія нічым не падмацаваныя, фактаў вобмаль. Таму мы імкнёмся высветліць, разам з тым тут складанае пытанне, дзе межы паміж прыватным жыццём і грамадскім інтарэсам. Зразумела, што, напрыклад, шукаць Анжаліку вельмі важна. Разам з тым мы бачым, што адпаведныя службы Польшчы і Вялікабрытаніі не асабліва публічна дзеляцца інфармацыяй. Гэта таксама зразумела.

Але само па сабе гэта выглядае непрыемна – знікненне чалавека, калі, не дай Божа, ёсць нейкі трагічны складнік, проста жахліва. Разам з тым гэта падкрэслівае для ўсіх нас сур’ёзнасць з’явы, бо мы ўжо прызвычаіліся з аднаго боку займацца нейкімі ўнутранымі “разборкамі” ў дэмакратычным лагеры, высветляць, хто тут лепшы, хто горшы. Гэта звычайны працэс. Таксама мы прызвычаіліся часам жартаваць над рэжымам, глядзець, які Лукашэнка смешны дзед. Але разам з тым варта памятаць, што так, дэмакратычныя сілы розныя, працуюць з рознай эфектыўнасцю. І варта разглядаць дэталі, але так, гэта барацьба, змаганне за беларускую незалежнасць, за волю беларускага народу. А на другім баку не проста смешны стары дзед, а на другім баку той самы рэжым, які вінаваты не толькі ў захопе самалёта  Ryanair і ва ўсім, што адбываецца з Пратасевічам, але вінаваты ў знікненні палітыкаў і палітычных забойствах на мяжы 90-2000-х.

Таксама, мне падаецца, варта разумець, што для рэжыму ніякіх маральных межаў тут няма. Таму мы ўсе тут, і палітыкі, і журналісты, і аналітыкі, і грамадскія дзеячы, мусім разумець пагрозу і небяспеку, якая ад рэжыму сыходзіць, і не думаць, што гэта такія смешныя і не важныя гульні.

Мы бачым, што сапраўды, каб захапіць Пратасевіча нескладана было для гэтага ўчыніць міжнародны скандал. Мы бачым, што пасада Анжалікі сур’ёзная, яна спікерка Каардынацыйнай рады, адзінага такога выбарчага органа ў дэмакратычных сілах, мела доступ да важнай працоўнай інфармацыі. І таму жахлівыя гэтыя звесткі, калі даюць інфармацыю, калі яна была выключаная і атрыманы доступ. І яшчэ мы можам сутыкнуцца з доўгатэрміновымі наступствамі ўсёй гэтай гісторыі.

РР: Святлана Ціханоўская сказала, што не каментуе гэтую справу паколькі вельмі мала інфармацыі. Гэта такі нармальны падыход, каб не ўваходзіць ва ўсе гэтыя дыскусіі, якіх вельмі багата на прасторах інтэрнэту? А беларусы вельмі любяць там выказвацца.

Вадзім Мажэйка: У прынцыпе не толькі беларусы, гэта ўвогуле ўласціва чалавечай прыродзе, паўсюль абмяркоўваюць такія рэчы. Зразумела, тут збіралася мяжа паміж прыватным жыццём і грамадскім інтарэсам. Ёсць прыклады рэпартажаў, якія рабілі калегі з “Еўрарадыё”. Напрыклад тое, што яны схадзілі да дома Анжалікі ў Варшаве, не называючы адраса і сабралі інфармацыю, у тым ліку меркаванне суседа. Тут быў грамадскі інтарэс. А, напрыклад, распаўсюджваць нейкія плёткі пра асабістае жыццё Анжалікі нічым не падмацаванае, ці тэлефанаваць яе бацькам і прызнавацца, у тым, што іх фактычна падманулі журналісты, гэта ўжо некарэктныя рэчы. Проста кожнаму з нас трэба ўявіць, калі б мы апынуліся на месцы Анжалікі, што мы хацелі б, каб рабілі людзі навокал. І чаго б мы не хацелі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Нагадаем, што 25 сакавіка знікла спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, паведаміў 28 сакавіка Павел Латушка. Паводле яго, апошняя камунікацыя са спікеркай КР адбылася 25 сакавіка раніцай.

Беларускае Радыё Рацыя