Праектны дырэктар літоўскага аддзялення Freedom House Віціс Юрконіс пракаментаваў рашэнне Міжнароднага крымінальнага суда (ICC) пачаць расследаванне дзейнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці. ICC 12 сакавіка афіцыйна адкрыў расследаванне беларускай сітуацыі, якое будзе ахопліваць пераслед, дэпартацыі і іншыя сістэмныя парушэнні.

Паводле Юрконіса, Літва стала першай краінай, якая перадала справу ў ICC, бо мела важкія падставы:
– Так, Літва падала, таму што мы напрамую сутыкаліся з людзьмі, якія праходзілі катаванні, якія былі траўмаваныя самавольствам праваахоўных органаў, перадусім палітвязні, якія да нас прыязджаюць. Літва нярэдка першая краіна, куды яны ўязджаюць. У Літвы была адказнасць гаварыць пра гэта, бо мы бачылі ўсё сваімі вачыма. Тое, што адбывалася ў 2020 годзе, не ўваходзіць ні ў якія прававыя рамкі.
Як эксперт па Беларусі і правах чалавека, Юрконіс і яго каманда садзейнічалі збору і сістэматызацыі фактаў і сведчанняў, якія цяпер выкарыстоўваюцца следствам ICC для фармавання справы. Рашэнне ICC выклікала шырокі рэзананс: беларускія апазіцыйныя лідары і праваабаронцы вітаюць яго як важны крок да міжнароднай адказнасці за сістэмныя рэпрэсіі ў Беларусі, у той час як Менск пакуль не даў афіцыйных каментароў па гэтым пытанні.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Anadolu Agency і lrt.lt.






