Новы правапапулісцкі блок «Патрыёты за Еўропу», пра стварэнне якога ў канцы мінулага месяца абвясціў прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан, прыцягнуў у свае шэрагі дастатковую колькасць палітычных сіл і дэпутатаў новага склікання Еўрапарламента, каб сфармаваць у ім уласную фракцыю.

У суботу пра далучэнне да блока абвясцілі Дацкая народная партыя і сепаратысцкая партыя бельгійскіх фламандцаў «Фламандскі інтарэс». Такім чынам колькасць палітычных сіл з розных краін ЕЗ, якія ўвайшлі ў блок Орбана, дасягнула сямі, гэта неабходны мінімум для стварэння фракцыі. У блока таксама дастаткова дэпутатаў — паводле правіл, у фракцыі іх павінна быць не менш як 23.
Орбан абʼявіў аб стварэнні блока, апазіцыйнага цяперашняму кіраўніцтву ЕЗ і ягонай палітыцы, на мінулым тыдні на сустрэчы з аднадумцамі — кіраўнікамі аўстрыйскай Партыі свабоды Гербертам Кіклем і чэшскага руху ANO Андрэем Бабішам. Пасля да блоку далучыліся нідэрландская Партыя свабоды Герта Вілдэрса, а таксама правыя партыі з Гішпаніі і Партугаліі.
Пакуль незразумела, ці ўвойдзе ў блок французскае «Нацыянальнае абʼяднанне». Са сваімі 30 дэпутатамі яно стане найбуйнейшай сілай у фракцыі, а сама яна такім чынам зможа стаць чацвёртай ці нават трэцяй па велічыні, найбуйнейшай апазіцыйнай фракцыяй у Еўрапарламенце. У партыі Марын Ле Пэн раней заяўлялі, што абвесцяць пра сваё рашэнне ў панядзелак. Цікавасць да блока праяўляла таксама італьянская «Ліга» Матэа Сальвіні. Цяпер яны ўваходзяць у блок «Ідэнтычнасць і дэмакратыя», які, аднак, па сутнасці разваліўся і не зможа сфармаваць сваю фракцыю ў Еўрапарламенце.
Беларускае Радыё Рацыя