BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Віталь Цыганкоў: Наступ Расеі на Захад пакуль выглядае нерэалістычна

Ці рэальная пагроза пашырэння ўзброенага канфлікту на тэрыторыю NATO? Чаму Аляксандр Лукашэнка ды заходнія палітыкі ўсё часцей у сваіх прамовах ужываюць слова “вайна”? І якая галоўная роля ў цяперашняй сітуацыі беларускіх дэмакратычных сілаў? Пра гэта Яна Запольская паразмаўляла з палітычным аглядальнікам, вядучым праграмы “Двубой” на тэлеканале “Белсат”, Віталём Цыганковым.

РР: Апошнім часам слова «вайна» гучыць усё часцей. І з вуснаў заходніх палітыкаў, у тым ліку еўрапейскіх – польскіх, літоўскіх і г.д. І таксама гэтае слова мы чуем усё часцей з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі ды іншых прадстаўнікоў яго рэжыму. Ці сапраўды мы стаім на парозе нейкай больш маштабнай вайны, якая можа выйсці за межы Украіны? Ці гэта рэальны сцэнар? Ці гэта проста ідзе псіхалагічная вайна на гэты момант?

Віталь Цыганкоў: Можна сказаць, што на сённяшні момант, калі гаварыць пра гэтыя рэчы, паспрабаваць гаварыць рацыянальна і прагматычна, то, канешне, гэта пераважна псіхалагічная вайна. І яна мае такія даволі лёгкія падставы ў масавай псіхалогіі, паколькі заўсёды нейкая негатыўная інфармацыя, негатыўныя прагнозы лёгка «прадаюцца». Маецца на ўвазе, што ўспрымае іх публіка, яны даюць даволі істотныя прагляды, яны даюць прыцягненне ўвагі да тых палітыкаў, якія такія прагнозы даюць. Ну а калі яны не спраўдзіліся, то пра гэтыя прагнозы ўсе забудуць. А калі спраўдзіліся, то гэты чалавек – палітык, аналітык, журналіст – ён заўсёды стане такім прарокам, яго будуць цытаваць. Так што тут такая бяспройгрышная сітуацыя. Гавары пра вайну – у любым выпадку гэта будзе добра для цябе. Так што гэты аспект таксама трэба ўлічваць.

Але трэба ўлічваць і аспект рэальнасці, як заходнія палітыкі ацэньваюць магчымасці будучай вялікай вайны, не толькі вайны паміж Расеяй і Украінай, а больш шырокай, у якую могуць быць уцягнутыя і краіны НАТА. Яны паміж сабой пра гэта гавораць як пра даволі імаверную падзею праз некалькі гадоў. Тое, што зараз гэта абсалютна малаверагодна гэта ўсім зразумела, паколькі каб такія ваенныя дзеянні пачаліся, то як мінімум паўгода-год мы павінны ўсе ў сённяшнім грамадстве назіраць, бо вельмі лёгка заўважыць падрыхтоўку – падцягванне войскаў, нарошчванне войскаў ля межаў, тое, што было год-паўтара перад шырокамаштабным уварваннем Расеі ва Украіны. Усе гэта бачылі, усе пра гэта папярэджвалі. Зразумела, што на сённяшні момант нічога такога, напрыклад, у дачыненні да заходніх суседзяў Расеі няма. Калі гэта будзе адбывацца, ці з тэрыторыі Расеі, ці з тэрыторыі Беларусі, каб нападаць на Літву, на Польшчу, а гэта трэба рабіць з тэрыторыі Беларусі, то ўсе гэта будуць назіраць, усе гэта будуць бачыць, і тады гэтыя размовы набудуць больш практычны сэнс.

Зараз гэтыя размовы маюць сэнс больш стратэгічна-тэарэтычны, то бок, ці можа Расея, не спыніўшыся на Украіне, пайсці далей на Захад. Я бачу ў гэтых размовах і такі акцэнт, каб дапамога Захаду была большай, каб яна нарастала і Захад пастаўляў усё больш узбраення і даваў фінансавыя рэсурсы, вось для гэтага трэба палохаць Расеяй, у тым ліку, што яна на гэтым не спынецца і пойдзе далей на Берлін, на Парыж, на Варшаву. Але сёння, паўтаруся, гэта выглядае дастаткова нерэалістычна і фантастычна. Але ў сэнсе ацэнкі таго, што Расея заўсёды імкнулася нешта захапіць, то гэта абсалютна абгрунтаваная пастаноўка пытання.

Цалкам размова:

Нашым госцем быў палітычны аглядальнік, вядучы праграмы “Двубой” на тэлеканале “Белсат”, Віталь Цыганкоў.

Беларускае Радыё Рацыя