Афіцыйны Менск ажыццяўляе спробы наладзіць хоць нейкія стасункі з Захадам. Але робіць гэта ў сваім стылі: абвінавачвае заходнія краіны і хваліць рэжым Лукашэнкі. Не выключэннем стаў візіт у Жэневу міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова.

Пра гэты візіт і пра тое, што з яго вынікае, з палітычным аглядальнікам, вядучым праграмы “Двубой” на тэлеканале “Белсат” Віталём Цыганковым размаўляе наша карэспандэнтка Яна Запольская.
РР: Хачу вярнуцца да візіту ў Жэневу міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова, дзе ён паўдзельнічаў у шэрагу пасяджэнняў вельмі высокага ўзроўню, папрашу пракаментаваць сам візіт і тую шумную прамову, дзе ён абвінавачваў Захад і ўсхваляў рэжым Лукашэнкі. Ці былі сапраўды адрасаты, якія маглі пазітыўна ўспрыняць вось гэтыя словы Максіма Рыжанкова?
Віталь Цыганкоў: Думаю, што Рыжанкоў лічыць, што ён схапіў такую міжнародную хвалю і на пэўны момант уявіў сябе віцэ-прэзідэнтам ЗША Вэнсам. Натуральна, вы ж разумееце, што я даю спасылку на такую скандальную прамову Вэнса на Мюнхенскай канферэнцыі, якую ў пэўным сэнсе можна было назваць антыеўрапейскай, ва ўсялякім разе антыеўрапейскага істэблішменту, накіраваную супраць цяперашніх палітычных элітаў, якія Вэнс даволі жорстка раскрытыкаваў.
І Рыжанкоў, відавочна, палічыў, што калі ён хістаўся, з якім акцэнтам гаварыць, і калі працягваў усё тое, што гаворыць беларуская прапаганда і кіраўніцтва гадамі, то зараз проста відавочныя былі літаральныя адсылкі, фактычна цытаты з прамовы Вэнса, амаль тымі ж словамі казаў і Рыжанкоў. Так што, калі казаць пра аўдыторыю, то акрамя традыцыйнай аўдыторыі, то гэта спроба лішні раз падкрэсліць сваю лаяльнасць кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, той ідэалогіі і таму рэжыму, які ён прадстаўляе, на гэты раз была яшчэ такая мэта спадабацца новай адміністрацыі Дональда Трампа. І ў гэтым сэнсе, напэўна, Рыжанкоў адчуў сябе такім акрыленым, што ён не нейкая там парыя на еўрапейскім форуме, на еўрапейскім кантыненце, не нейкая там бедная дыктатура, якая прэтэндуе, што гэты дыктатарскі рэжым нешта з сябе ўяўляе ў ідэалагічнай сферы. А цяпер яны ў сусветных трэндах, яны гавораць тое самае, што гаворыць віцэ-прэзідэнт ЗША.
РР: Але ці гэта таксама не была спроба паказаць, што рэжым насамрэч не ёсць такі ізаляваны? Калі прадстаўнік рэжыму, міністр замежных спраў, выступае ў Жэневе на высокім узроўні, то гэта не выглядае як ізаляцыя.
Віталь Цыганкоў: Так, безумоўна, і, можа, Рыжанкоў тым сваім выступам кажа: “Вы запрасілі мяне ў Жэневу і думаеце, што я буду рассыпацца перад вамі ва ўдзячнасці, дзякаваць вам за тое, што вы запрасілі, прагінацца перад вамі і паўтараць нейкія лозунгі ці ідэалагічныя схемы, якія вам, еўрапейцы падабаюцца. Не, я буду адстойваць сваю дыктатарскую пазіцыю, пазіцыю афіцыйнага Менску, пазіцыю рэжыму”. Але пры гэтым яшчэ намякнуў, што на гэты раз пазіцыя не настолькі самотная, маўляў, вятры мяняюцца і цяпер ужо ваша гнілая ліберальная дэмакратыя саступае па многіх пазіцыях. Паўсюль у Еўропе наступаюць іншыя часы, наступаюць іншыя палітыкі, таму глядзіце, я ўжо не самотны, я маю падтрымку.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






