BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Віталь Рымашэўскі: Я перакананы, што будзем мець вольную краіну Беларусь


Госць Радыё Рацыя – палітык, сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

РР: Не надта заўважна ў беларускіх медыя прайшла дата, але даволі важная і знакавая. Я маю на ўвазе Плошчу-2010. На гэтым тыдні 19 снежня споўнілася ўжо 14 гадоў тым падзеям, у якіх вы бралі непасрэдны ўдзел як кандыдат у прэзідэнты. Зразумела, што за гэты час адбылося шмат, і тое, што мы зараз перажываем мажліва перакрывае інфармацыйна тыя падзеі сваім маштабам. Але тым не менш, з чым вы звязваеце вось тыя падзеі 19 снежня 2010 года, у якім вы бралі непасрэдны ўдзел, які след яны пакінулі ў вашым жыцці?

Віталь Рымашэўскі: Гэта дата вельмі важная як для майго жыцця асабіста, так і для Беларускай хрысціянскай дэмакратыі агулам. Усёй гэтай выбарчай кампанія мы скарысталіся, і беларускія дэмакраты распавялі пра сябе беларускаму грамадству. Мы напоўніцу выкарысталі і магчымасці сустрэч у рэгіёнах з людзьмі, і таксама выступы на дзяржаўным тэлебачанні, што бывае вельмі рэдка. І, напэўна, такім пікам гэтай кампаніі сталі падзеі Плошчы-2010 года. Для мяне гэтая плошча – сведчанне мужнасці людзей, каторыя выйшлі, падтрымалі і зрабілі першыя крокі ў абароне дэмакратыі ў нашай краіне. І, безумоўна, той брутальны разгон, які адбыўся, гэтыя дэманстрацыі, наступныя рэпрэсіі спынілі вось гэтую хвалю ўздыму беларусаў, але не да канца. І я, згадваючы тыя падзеі, згадваю не толькі тых людзей, якія былі на плошчы і прайшлі пасля праз катаванні ў вязніцах, прайшлі праз арышты і рэпрэсіі, але перадусім тых з іх, хто здолеў застацца ў палітыцы або прыйсці ў палітыку, таму што многія людзі далучыліся да аргкамітэту па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі менавіта пасля 2010 года.

І многія людзі далучыліся да іншых грамадскіх арганізацый. І дзякуючы гэтым людзям усе і палітычныя партыі, і грамадскія арганізацыі змаглі працягваць сваю працу і будаваць падмурак для нашай нацыянальнай рэвалюцыі, якая адбылася ўжо ў 2020 годзе. І звяртаючыся сёння да ўсіх слухачоў і чытачоў, я б хацеў бы сказаць, што ў іншым сённяшні стане, сённяшнія падзеі падобныя да 2011 года, каторы быў пасля разгону Плошчы, пасля выбарчай кампаніі, калі была жорсткая  рэакцыя рэжыму. Не такая жорстка, але тым не менш, калі ў многіх людзей апускаліся рукі і было расчараванне, раз’яднанне ў дэмакратычных сілах. Але дзякуючы тым, хто пераадолеў гэта, дзякуючы тым, хто здолей застацца і працягнуць сваю працу ў палітыцы, грамадскім сектары, мы мелі 2020 год. Я перакананы, што будзем мець яшчэ і вольную краіну Беларусь неўзабаве.

Таму я заклікаю ўсіх тых, хто далучыўся і ў 2020 годзе, не расчароўвацца, працягваць працу, рабіць тое, што мы можам, тут і цяпер, дзе б мы не былі – у эміграцыі або ў Беларусі.

РР: Я добра памятаю, калі мы ў 2010 годзе стаялі ў першым шэрагу і на нас пачаў націскаць АМАП, вы пачалі забірацца на трыбуну ўжо з разбітай галавой. І гэты тады сімвалічна так адбілася – вашы белыя валасы і чырвоная кроў. І вы заклікалі тады сілавікоў, каб яны спынілі гвалт. Як вы памятаеце гэты момант, што было бачна з вашага боку?

Віталь Рымашэўскі: На жаль, некаторыя з камандаў дэмакратычных кандыдатаў, гэта сёння ўжо не сакрэт, каманда Андрэя Саннікава, паддалася на правакацыі, на людзей, якія пачалі біць шкло. Для нас было відавочна, што людзей сабралася на плошчы не так шмат, каб супрацьстаяць рэжыму. Гэта не быў 2020 год, гэта быў 2010.

РР: Некалькі дзясяткаў тысяч, максімальны лік быў, здаецца, 70 000.

Віталь Рымашэўскі: Некалькі дзясяткаў тысяч, і было відавочна, што сілаў АМАПу і ўзброеных міліцыянтаў беларускіх спецпадраздзяленняў было нашмат больш колькасна. Там, на плошчы, было каля 50 000, гэта былі розныя людзі, і гэтых бы сілаў не хапіла ні на захоп будынкаў, ні на іншыя дзеянні, таму першыя дзеянні мае і маёй каманды былі – спыніць гэтыя правакацыі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя