Сёння патрэбна адкрываць Беларусь. Такое меркаванне выказаў Госць Рацыі, палітык, экс-кандыдат у прэзідэнты 2010 года Віталь Рымашэўскі.

26 студзеня Віталь далучыўся да вялікага маршу ў Варшаве, а таксама наведаў форум “Беларусы годныя лепшага”. Пасля – выказаў сваю ацэнку падзеям нашаму радыё.
РР: Перш за ўсё скажыце, што для вас ёсць дзень бязвыбараў у Беларусі 26 студзеня?
Віталь Рымашэўскі: 26 студзеня – гэта дзень чарговай палітычнай кампаніі. На жаль, у якой вельмі абмежаваны ўдзел беларускіх дэмакратычных сіл, як ніколі за той час, як я ўдзельнічаў у палітыцы і наогул, наколькі я памятаю ў сваім свядомым жыцці, раней заўсёды ў Беларусі сітуацыя была больш свабоднай, людзі маглі выказвацца. А сёння ў Беларусі тэрор.
Мяне натхняюць тыя людзі, я ўдзячны ім за іх мужнасць, якія застаюцца ў краіне і працягваюць рабіць беларускую справу, якой бы яна не была. Хтосьці сёння галасуе супраць усіх, на знак пратэсту, хтосьці працягвае развіваць беларускую культуру і захоўваць беларускую мову ўнутры краіны, хтосьці змагацца за той куток, дзе жыве, таму што любая таталітарная сістэма нішчыць краіну. Нішчыць не толькі іншадумства, але нішчыць і прыроду, руйнуе гістарычныя каштоўнасці, і ва ўсім гэтым беларусы сёння жывуць унутры краіны і працягваюць змагацца.
Я таксама захапляюся і аддаю належнае веры тых беларусаў, якія прыйшлі на акцыю ў Варшаве і ў многіх іншых гарадах. Таму што мала было поспехаў у беларускай апазіцыі. Рэжыму, на жаль, удаецца запужваць людзей, яго жахлівыя метады рэпрэсіяў дзейнічаюць, і менш людзей цяпер бяруць удзел у дэманстрацыях, у акцыях пратэсту, але па-ранейшаму застаюцца людзі, якія прыходзяць, якія трымаюць наш бел-чырвона-белы сцяг, сцяг надзеі і веры, што Беларусь зменіцца да лепшага. І гэта вельмі істотна. Для мяне гэты дзень – гэта гэтыя людзі.
Цалкам размова:
З Віталём Рымашэўскім гутарыла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя






