Госць Рацыі – прадстаўнік Каардынацыйнай рады, фракцыі “Наша справа” Віталь Рымашэўскі. Пра тое, ці змогуць выбары ў КР ускалыхнуць беларускае палітычнае жыццё, сканцэнтраванае за мяжой, размаўляе з ім наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Ці збіраецца “Наша справа” нейкім спісам далей удзельнічаць у выбарах, якія адбудуцца ў траўні 2026 года ў Каардынацыйную раду?
Віталь Рымашэўскі: Хачу, па-першае, адзначыць, што поўная назва нашай фракцыі – гэта “Наша справа. Беларускія хрысціянскія дэмакраты”. Мы шмат што зрабілі ў гэтым складзе Каардынацыйнай рады, як і ў папярэднім, дакладней мо нават больш спрабавалі выйсці з ініцыятывамі. Напрыклад, правялі слуханні па супрацьдзеянню расейскай гібрыднай агрэсіі ў Беларусі, слуханні па парушэнні права на свабоду сумлення. Вось калі беларускіх вернікаў кідаюць у вязніцы, уводзіць улада новыя законы, дэмакратычныя сілы, як мінімум, павінны на гэта рэагаваць і выказваць сваё меркаванне.
Таксама былі ініцыятарамі стварэння камісіі па адукацыі, праводзілі таксама слуханні па рэформе сістэмы адукацыі ў Беларусі. І зрэшты спрычыняліся да многіх іншых ініцыятыў Каардынацыйнай рады.
Што датычна ўдзелу ў наступных выбарах, то рашэнне мы пакуль не прынялі, будзем рашэнне гэтае прымаць узважана, разлічваючы свае сілы і таксама палітычную мэтазгоднасць удзелу ў гэтым праекце. Таму што сапраўды, размаўляючы пра працу Каардынацыйнай рады знутры, пытанняў да гэтага праекта зараз нашмат больш, чым было раней. І ў нас ёсць новыя вельмі добрыя фактары і чыннікі. Вось выйшаў на свабоду Павел Севярынец, сустаршыня “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”. Для нас гэта таксама вельмі важная і радасная навіна і падзея. Будзем вырашаць супольна. А надалей пра стратэгічныя прыярытэты хрысціянскіх дэмакратаў, і ў гэтым кантэксце, думаю, да канца лютага прымем рашэнне, ці ўдзельнічаць у выбараў у Каардынацыйную раду. Таму што сёння, я хачу адзначыць, на жаль, яшчэ не вызначана таксама і платформа, праз якую людзі змогуць прыняць удзел у галасаванні. І для нас гэта таксама вельмі важна, таму што яна мусіць быць бяспечнай, яна мусіць забяспечыць масавы ўдзел людзей, каб кожны жадаючы мог далучыцца і прагаласаваць, напрыклад. Вось гэта толькі адно з пытанняў, на якое пакуль што няма адказаў, таму мы разважаем.
РР: Вы кажаце пра тое, што шмат пытанняў да Каардынацыйнай рады, як яна функцыянуе. Тут хочацца пажартаваць, як добра, што ёсць Беларускае Радыё Рацыя, паколькі мы гэтыя пытанні таксама задаём. Вы кажаце, што варта ўсё ўзважыць. А што там узважваць? Кажуць, што гэта такая афіцыйная прадстаўнічая структура дэмакратычнай супольнасці і толькі дзякуючы КР можна дзейнічаць, напрыклад, на міжнародных палях. Нагадаю, што зараз праходзіць пасяджэнне ПАРЭ, а Павел Церашковіч, акурат ваш прадстаўнік, удзельнічаў у гэтых пасяджэннях ПАРЭ.
Віталь Рымашэўскі: Так, у нас ёсць прадстаўнік у складзе гэтай дэлегацыі – Павел Церашковіч, але гэта абсалютна не праўда, што на міжнародным узроўні можна дзейнічаць толькі выключна праз Каардынацыйную раду. Мы вось як палітычная структура, хрысціянскія дэмакраты, маем наўпроставыя ўжо даўнія сувязі з нашымі партнёрамі Еўрапейскай народнай партыі, якая мае сваю фракцыю ва ўсіх структурах і ў Еўрапейскім парламенце, і таксама ў ПАРЭ, і ў іншых структурах. Мае сваё прадстаўніцтва. І я хачу сказаць, што за апошні год, калі нам патрэбна было праводзіць рэзалюцыю, мы, безумоўна, карысталіся гэтымі кантактамі.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






