Польшча далучылася да дэкларацыі «вялікай сямёркі» пра гарантыі бяспекі Украіны, вылучыла ёй новы пакет дапамогі, ёсць дамоўленасць пра супольную вытворчасць зброі паміж краінамі. Такія прамежкавыя вынікі сустрэчы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, якая адбылася сёння, 22 студзеня, у Кіеве.

Фота: twitter.com/donaldtusk
Кажа Дональд Туск:
– Гэта не магла быць іншая сталіца, гэта павінен быў быць Кіеў. Першая сталіца, якую наведваю пасля выбараў у Польшчы. Паінфармаваў украінскага прэзідэнта, што Польшча далучылася да дэкларацыі групы G7. Дэкларацыі, якая была сфармуляваная ў Вільні, падчас саміту НАТА. Гэтая дэкларацыя заклікае мабілізаваць дэмакратычныя краіны на падтрымку Украіны.
Сёння, 22 студзеня, прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск прыбыў у сталіцу Украіны, дзе сустрэўся з украінскім прэмʼер-міністрам Дзянісам Шмыгалем і прэзідэнтам краіны Уладзімірам Зяленскім. Падчас свайго візіту Дональд Туск заявіў, што цяпер няма нічога важнейшага за ваенную дапамогу Украіне, і назваў гэта «бясспрэчнай справай нумар адзін».
Беларускае Радыё Рацыя






