
У дзень так званай «інаўгурацыі» Лукашэнкі 25 сакавіка, дэмакратычная грамадскасць Варшавы не толькі святкавала Дзень Волі, але і адрэагавала пратэстнай акцыяй у цэнтры польскай сталіцы. Акцыя была скіравана супраць фальсіфікацыі выбараў рэжымам у Беларусі на працягу 30 гадоў і супраць «інаўгурацыі» самазванца. З нашым госцем лідарам Руху Салідарнасці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам мы змаглі сустрэцца па яго жаданні толькі на пратэстнай пляцоўцы, каб абмеркаваць беларускую сітуацыю ў сувязі з бязвыбарамі і „інаўгурацыяй“:
РР: Чаму Лукашэнка 31 год пры ўладзе?
— Ну, таму што ў сярэдзіне 90-х гадоў у Беларусі склалася дыктатура.
На вялікі жаль, з лістапада 1996 года беларускі народ не мае права выбіраць уладу — замест выбараў адбываецца фарс.
А сам Лукашэнка даўно ўжо злачынец, крымінальнік, які непасрэдна здзейсніў шматлікія злачынствы.
На вялікі жаль, ён захапіў уладу і моцна трымаецца за яе. Ён заўсёды быў прамаскоўскі. Гэта заўсёды была гэбэшная дыктатура. І, на вялікі жаль, ужо вельмі шмат ахвяраў беларускага народа за кошт Лукашэнкі.
Ён скраў у беларусаў не толькі час, не толькі грошы — прычым у велізарнай колькасці, бо жыве за кошт беларускіх грошай, рабуе беларускі народ.
Шмат людзей ужо забіта.
І я хачу сказаць, што гэтая незаконная, ужо сёмая «інаўгурацыя» Лукашэнкі, якога абіралі толькі ў 1994 годзе, ставіць на парадак дня зусім новыя лозунгі.
Гэтая «інаўгурацыя» азначае, што Лукашэнка пераходзіць ад прыгону, які быў раней, да таго, каб загнаць беларусаў у рабства. І Лукашэнка — гэта вайна.
РР: На якой падставе яму ўдалося юрыдычна заставацца прэзідэнтам да 2025 года?
— За кошт незаконных рэферэндумаў, вынікі якіх былі сфальсіфікаваныя, і за кошт таго, што Беларусь — гэбэшная дыктатура з моцнай паліцэйскай машынай.
У нас былі створаны дастаткова моцна сілавыя структуры, якія трымаюць беларусаў у прыгоне, цяпер у рабстве.
І той тэрор і рэпрэсіі, што працягваюцца з 2020 года штодня — яны паказчык таго, што Лукашэнка пастанавіў адрадзіць сталінскія часы. Ён трымаецца пры ўладзе на той жа падставе, як і Іосіф Сталін.
РР: 25 сакавіка, як вядома, дэмакратычная грамадскасць адзначае Дзень Волі. Скажыце, калі ласка, ці лічыце вы правакацыяй рэжыму правядзенне «інаўгурацыі» Лукашэнкі ў гэты дзень?
— Гэта самае вялікае свята беларускай нацыі. Яго заўсёды адзначалі беларускія нацыяналісты. Спачатку гэта рабіў Алесь Пушкін, якога, невыпадкова, забілі ў Лукашысцкай турме. Так беларусы даведаліся пра Дзень Волі.
Пазней гэтае свята падтрымаў Беларускі Народны Фронт, які далучаў усіх, хто мог далучыцца. Гэтая традыцыя цяпер захавалася ў дыяспары, і ў розных гарадах і краінах адбываюцца імпрэзы.
Што тычыцца „інаўгурацыі“, то ўсё тут вельмі проста: Лукашэнка цяпер у вельмі складанай геапалітычнай сітуацыі.
Мы прыйшлі да такіх часоў, будуць забіваць не толькі простых людзей, але і тых, хто пры ўладзе, будуць адкідваць ад улады. Ніхто ні ў каго пытацца не будзе. Лукашэнка гэта цудоўна разумее, таму і цягнуў да апошняга. Звярніце ўвагу, што ніколі яшчэ ён так позна не праводзіў сваю незаконную «інаўгурацыю». Гэта паказвае, дзе ў яго цяпер найбольшыя праблемы. Ён таксама выкарыстоўвае беларусаў як закладнікаў у перамовах, якія вядуцца без яго ўдзелу. Гэта відавочна.
І яшчэ адначасова Дзень Волі заўсёды выклікаў істэрыку ў Маскве і ў самога Лукашэнкі, бо Лукашэнка — расейскі імперыяліст. Заўсёды гэта былі самыя цяжкія баявыя акцыі апазіцыі. Пачынаючы з таго моманту, калі мы перайшлі ад парламенцкай апазіцыі да па-запарламенцкай вясной 1996 года, гэта былі крымінальныя справы, сутыкненні з сілавымі структурамі Лукашэнкі. Неаднаразова ён спрабаваў сілай падавіць Дзень Волі. Здавалася, што ў некаторыя моманты яму гэта ўдавалася. У 2004 годзе мне давялося разам з калегамі прыкоўвацца на Цэнтральнай плошчы Менска. У 2019 годзе разам з Аленай Талстой, сустаршынёй Руху Салідарнасці «Разам», давялося рабіць тое ж самае на той жа плошчы. Але Лукашэнка не змог зламаць Дзень Волі.
Ён ненавідзіць Беларусь, ён ненавідзіць натуральныя беларускія святы.
І таму гэта проста спроба паказаць, што ён нібыта пераможца і можа ўсё.
Але гэта не так.
Мы ж ведаем, якім быў канец у Гітлера, у Сталіна, у Хусэйна, у Кадафі.
І калі Лукашэнка выйдзе без аховы ў любы беларускі горад, я ўяўляю, што з ім зробяць беларусы. Яго проста разарвуць на кавалкі. Ён гэта цудоўна разумее.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя