BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вячаслаў Сіўчык: Беларусь пераўтварылі ў палігон

10 ліпеня 1994 года Аляксандр Лукашэнка стаў прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. І вось ужо 30 гадоў ён не выпускае ўладу з рук. Да гэтага ён нідзе больш за два гады не мог утрымацца. За 18 гадоў працоўнага стажу да прэзідэнцтва памяняў 11 месцаў працы.

Пра тое, што стала з Беларуссю за 30 гадоў праўлення Лукашэнкі, мы паразмаўлялі з “Госцем Рацыі” – лідарам Руху Салідарнасці “Разам” Вячаславам Сіўчыкам:

РР: 30-ць гадоў праўлення Лукашэнкі, нават Сталін і Брэжнеў столькі не “сядзелі на троне”. Лукашэнка, як кажуць у народзе “пераплюнуў усіх”. У чым феномен?

Вячаслаў Сіўчык: Ды няма ніякага феномену. Сапраўды за гэтай пачварай сатанінскія сілы стаяць. Калі людзі яшчэ галасавалі за Лукашэнку, паверыўшы яго байкам, што ён будзе змагацца з тымі, каго ён называў мафіяй. Свет змяніўся і мы бачым, што той палігон, у які ператварылі Беларусь, дзякуючы лукашэнкаўскай бандзе 30 гадоў таму назад, праз першыя прэзідэнцкія выбары да ўлады прыйшла не проста пачвара Лукашэнка, а да ўлады дарвалася ніжэйшае і сярэдняе звяно былых савецкіх спецслужбаў. Такія рэчы, як Дэкларацыя правоў чалавека, Канстытуцыя Беларусі – гэта паперкі, якія цяпер мала што азначаюць. Беларускаму народу дасталася мусіць самая жахлівая доля, бо мы апынуліся наперадзе ўсіх тых страшных працэсаў, у якія акунуўся сёння свет.

РР: Яшчэ ў 2018 годзе Сяргей Законнікаў сказаў, што беларусы цяпер жывуць, як у антычныя часы пры крыважэрным Нероне. Вядомы выраз часоў старажытнага Рыму “Хлеба і відовішчаў” спрацаваў у Беларусі?

Вячаслаў Сіўчык: Наш калега па Руху Салідарнасці абсалютна мае рацыю, я кажу якраз пра вельмі паважанага Сяргея Законнікава. Але ж мне больш падабаецца канстатацыя вядомага палітолага Уладзіміра Роўды. Уладзімір Роўда ўжо даўно прапанаваў разглядаць сістэму ўлады створаную Лукашэнкам, як такі своеасаблівы султанат. Гэта абсалютная праўда, бо Беларусь проста кінулі ў ранняе сярэднявечча. Апошнія падзеі, апошнія чатыры гады, калі пасля апошняга выбарчага фарсу, які адбываўся падчас гібрыднай вайны Расеі супраць Беларусі, ва ўмовах сусветнай пандэміі, ужо чатыры гады беларускі народ жыве ў сталінскім часе пад тэрорам. Апошнія падзеі проста паказваюць, што гэта пачвара Лукашэнка проста не ведае, што рабіць. Учапіўшыся сваімі сінімі пальцамі ва ўладу, ён давёў да таго, што практычна з Беларусі можа пачацца Трэцяя сусветная вайна.

РР: Нерон разбэсціў народ за 14 гадоў праўлення. Пры ім адбылася дэфармацыя нормаў. Што можна сказаць пра 30-ць год праўлення вясковай безбацькоўшыны? Як адбілася праўленне Лукашэнкі на маралі беларусаў?

Вячаслаў Сіўчык: На вялікі жаль зараз ідзе сусветная дэградацыя. Гэтаму сведчанне і расейска-украінская вайна, якая цягнецца ўжо трэці год, яна абсалютна жахлівая. А таксама тыя палітычныя працэсы, якія ідуць у краінах старой дэмакратыі. Што тычыцца Беларусі, то ўвесь беларускі народ загнаны ў прыгон. Свабоды і правы беларускага народу былі растаптаныя яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў, калі лукашэнкаўская банда здзейсніла антыканстытуцыйны пераварот і зрабіла так, што людзі асобна, а ўлада асобна. Гэта здарылася даўно, беларусаў прывучылі да няволі. Як раз чаму здарылася трагедыя 2020 года? Бо чамусьці шмат хто з беларусаў лічыў, што наш адвечны вораг Масква, можа паспрыяць пазбавіцца ад гэтага байструка, як казалі на мітынгах апазіцыі 90-х гадоў. Тады гэтага слова не баяліся. Насамрэч і ў 2020 годзе і раней, ніхто не збіраўся праводзіць ніякія выбары. Сёння беларускі народ з’яўляецца ахвярай гэтых найноўшых тэхналогій, Самае страшнае, што гэта яшчэ не дно. Самае жахлівае ў беларускай сітуацыі, што пакуль гэта лукашэнкаўска-пуцінская банда будзе кіраваць Беларуссю, то верагоднасць Трэцяй сусветнай вайны яна блізкая да 100%. Якім чынам можа быць знішчаны гэты вайсковы балкон, у які пераўтварыла лукашэнкаўская банда нашую краіну Беларусь. Толькі цудам, не трэба тут мець ілюзій.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя