BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вялікабрытанія і Францыя нанеслі ўдар па меркаваным складзе зброі ІД у Сірыі

Брытанскія і францускія вайсковыя самалёты ў суботу ўвечары нанеслі супольны ўдар па падземным аб’екце каля Пальміры ў Сірыі, які, паводле звестак, выкарыстоўваўся групоўкай «Ісламская дзяржава» для захоўвання зброі. Пра гэта паведаміла Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, перадае Reuters.

Паводле ведамства, тунэлі, што вялі да падземнага аб’екта, былі атакаваныя кіраванымі бомбамі. Для выканання задання вайсковыя самалёты дазапраўляліся ў паветры ўначы. Адпаведныя відэакадры брытанскае Міністэрства абароны апублікавала ў сацыяльнай сетцы X.

У міністэрстве падкрэслілі, што паблізу аб’екта не было жылой забудовы, таму аперацыя не стварала пагрозы для мірнага насельніцтва.

Нягледзячы на тэрытарыяльную паразу ў Сірыі ў 2019 годзе, «Ісламская дзяржава» працягвае захоўваць прысутнасць у краіне, асабліва ў шырокіх пустынных раёнах.

Пальміра, дзе знаходзяцца старажытныя руіны, уключаныя ў спіс Сусьветнай спадчыны ЮНЕСКА, раней знаходзілася пад кантролем ІД.

У мінулым месяцы ў Пальміры баевік-адзіночка «Ісламскай дзяржавы» напаў на амерыканскі персанал, у выніку чаго загінулі два салдаты ЗША і адзін амерыканскі грамадзянін. У адказ амерыканскія сілы паведамілі пра нанясенне ўдараў па дзясятках цэляў ІД на тэрыторыі Сірыі.