BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вялікабрытанія ўвяла новыя санкцыі пасля фіктыўных выбараў у Беларусі

Вялікабрытанія аб’явіла аб увядзенні санкцый супраць 9 фізічных і юрыдычных асоб у Беларусі, дзейнічаючы ў каардынацыі з Канадай. Аб гэтым паведамляецца на сайце ўрада Вялікабрытаніі.

“Санкцыі накіраваны супраць кіраўнікоў устаноў, адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, і кампаній абароннага сектара Беларусі, якія падтрымліваюць вайну Расеі ва Украіне”, — гаворыцца ў паведамленні.

Гэтае рашэнне падкрэслівае прыхільнасць урада Вялікабрытаніі да міжнародных намаганняў па прадухіленні пагроз і абароне нацыянальнай бяспекі, што з’яўляецца ключавым элементам Плана перамен прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі.

Сярод фігурантаў новых санкцыяў – старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка.

«Пасля жорсткага падаўлення Лукашэнкі, падчас якога крытычныя галасы ўнутры Беларусі былі заглушаныя, учорашнія фіктыўныя выбары не адпавядалі міжнародным стандартам і былі асуджаныя міжнароднымі партнёрамі», – адзначаюць брытанскія ўлады.

Акрамя ўвядзення санкцый супраць кіраўнікоў устаноў, адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ў краіне, Вялікабрытанія выключыла беларускія абаронныя кампаніі са сваёй эканомікі – сектар стратэгічнага значэння для рэжыму Лукашэнкі, які садзейнічае вайне Расеі ва Украіне.

«Свет даўно прывык да цынічнай імітацыі дэмакратыі Лукашэнкі ў Беларусі, у той час як насамрэч ён жорстка душыць грамадзянскую супольнасць і апазіцыйныя галасы, каб умацаваць сваю ўладу.

Вялікабрытанія разам з нашымі партнёрамі працягне падтрымліваць народ Беларусі і выкрываць тых, хто пазбаўляе яго законнага права на свабоду і дэмакратыю», – заявіў міністр замежных спраў Дэвід Лэмі.

Пад санкцыі таксама трапілі кіраўнікі ГУБАЗіК – адной з галоўных сіл бяспекі, адказных за палітычныя пераследы ў Беларусі.

Сённяшнія санкцыі закранаюць наступных асоб:

Ігар Васільевіч Карпенка – старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі.
Віктар Аляксандравіч Дуброўка – начальнік папраўчай установы, калонія №11, Ваўкавыск.
Павел Іванавіч Казакоў – начальнік папраўчай установы, турма №1, Гродна.
Андрэй Міхайлавіч Цэдрык – камандзір СІЗА №1, Мінск.
Андрэй Валер’евіч Ананенка – кіраўнік ГУБАЗіКу.
Міхаіл Пятровіч Бядункевіч – намеснік кіраўніка ГУБАЗіКу.

Тры арганізацыі абароннага сектара Беларусі, уключаныя сёння ў санкцыйны спіс:

ААТ “АЛЕЎКУРП” / ALEVKURP OJSC – кампанія, звязаная з урадам Беларусі, якая спецыялізуецца на даследаваннях, распрацоўцы і вытворчасці радыёлакацыйных сістэм і сістэм кіравання ўзбраеннем.
Завод “Легмаш” – беларуская кампанія, якая вырабляе боепрыпасы для абароннага сектара.
КБ «Беспілотныя Верталёты» / KB Unmanned Helicopters (UAVHeli) – беларускі распрацоўшчык і вытворца беспілотных лятальных апаратаў.