Урад Вялікабрытаніі ўвёў найбуйнейшы за 18 месяцаў пакет санкцый супраць РФ, накіраваны супраць асоб, якія маюць дачыненне да вайны ва Украіне, афрыканскіх груп наймітаў і атакі з выкарыстаннем нервова-паралітычнага рэчыва на брытанскай тэрыторыі, піша Reuters.

У прыватнасці абмежаванні былі ўведзены супраць 56 юрыдычных і фізічных асоб, каб перашкодзіць ваенным дзеянням расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна і “зламыснай дзейнасці Расеі ва ўсім свеце”.
Таксама сярод іх ёсць 10 кампаній, якія знаходзяцца ў Кітаі і, як адзначаецца, пастаўляюць тэхніку і кампаненты для войска РФ.
У Reuters дадалі, што большасць санкцый былі ўжытыя супраць кампаній з Расеі, Кітая, Турцыі і Казахстана. Гэтыя краіны абвінавачваюцца ў садзейнічанні расейскай агрэсіі ва Украіне, бо іх кампаніі пастаўляюць станкі, мікраэлектроніку і кампаненты для беспілотнікаў.
У Брытаніі адзначылі, што гэтыя санкцыі будуць таксама накіраваны супраць дзейнасці РФ у Лівіі, Малі і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, а менавіта супраць трох прыватных груп наймітаў, звязаных з Крамлём, сярод якіх “Афрыканскі корпус”.






